Давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты А. Казуліна Ігар Маслоўскі накіраваў заяву ў пракуратуру Маскоўскага раёну Берасьця, а таксама ў Маскоўскую раённую выбарчую камісію
Як паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА, у заяве адзначаецца, што берасьцеец Яўген Даўгаполаў распаўсюджваў агітацыйныя плякаты Аляксандра Казуліна, аднак дырэктар крамы №6 «Асьвета» забараніў іх разьмяшчаць у памяшканьні крамы. Тая ж сытуацыя напаткала актывіста ў інтэрнаце берасьцейскай швейнай фірмы «Надзея», адкуль яго выгналі. У заяве І. Маслоўскі просіць даць прававую ацэнку дзеяньням дырэктара крамы і загадчыцы інтэрнату, згодна з Выбарчым кодэксам, а таксама кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях (арт. 167) і адпаведным рашэньнем выканкаму Маскоўскага раёну, у якім пералічаныя афіцыйна дазволеныя месцы для агітацыі.
Згодна з законам РБ «Аб пракурорскім наглядзе», Ігар Маслоўскі прапануе таксама ўнесьці прадстаўленьне адміністрацыі інтэрнату і крамы, а таксама ініцыяваць прыцягненьне гэтых службовых асобаў да адміністрацыйнай адказнасьці. На думку І. Маслоўскага, «гэты факт сьведчыць аб перашкодзе агітацыйнай кампаніі і парушае адміністрацыйны кодэкс, дзе адзначана, што службовыя асобы ня маюць права перашкаджаць агітацыі».