Наклад «Новага часу» затрымалі, але адпусцілі
Апошні нумар недзяржаўнай газеты з нейкіх прычын прыцягнуў пільную ўвагу праваахоўных органаў.
Забраўшы з друкарні наклад чарговага (№ 41) нумару выдання, выканаўчы дырэктар газеты Язэп Палубятка і рэдакцыйны кіроўца на мікрааўтобусе скіраваліся на аўтавакзал «Усходні», каб пакінуць частку газет у камеры захоўвання, з якой іх потым забіраюць распаўсюднікі. Пакуль спадар Палубятка адышоў ад машыны, да кіроўцы наблізіліся некалькі людзей у цывільным, якія прадставіліся транспартнай міліцыяй і папрасілі яго прад’явіць дакументы. Невядомыя некалькі разоў аглядалі машыну, у якой знаходзіўся ўвесь наклад «Новага часу», і задавалі шмат пытанняў — цікавіліся, куды вязуць газеты, хто будзе сустракаць іх у абласных цэнтрах і нават чаму выдання няма ў шапіках і падпісцы.
Пасля гутаркі распаўсюднікаў адпусцілі. Тым не менш, на выездзе з аўтавакзала іх машыну зноў заблакавалі адразу некалькі аўтамабіляў. У перамовы ўступіў падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Гвай, які забраў у затрыманых дакументы і загадаў ехаць з ім у РУУС Ленінскага раёна. У аддзяленні міліцыі падпалкоўнік пачаў перапісваць пашпартныя дадзеныя сп-ра Палубяткі і кіроўцы, калі ў кабінет увайшоў чалавек у цывільным і загадаў адпусціць прадстаўнікоў рэдакцыі, папрасіўшы ў іх прабачэння за непаразуменне.
«Матывы ўсіх гэтых дзеянняў нам невядомыя, — пракаментаваў інцыдэнт прэс-службе БАЖ шэф-рэдактар «Новага часу» Аляксей Кароль. — Я мяркую, што проста перад выбарамі ўсе СМІ трымаюць пад асабліва пільным кантролем...»