Супраць Казуліна заведзеныя дзьве крымінальныя справы
Радыё Свабода паведаміла, што пра гэта гаворыцца ў адмысловым звароце генэральнай пракуратуры. Адна справа распачатая ў сувязі з інцыдэнтам 17 лютага, у дзень рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнта. Тады Казулін разам са сваімі прыхільнікамі прарваўся ў будынак Нацыянальнага прэсавага цэнтру, дзе была прызначаная ягоная прэсавая канфэрэнцыя.
"Казулін і асобы, якія суправаджалі яго, абразілі і ўжылі фізычны гвалт адносна супрацоўнікаў аховы канцэртнай залі "Менск" і супрацоўніка міліцыі", - гаворыцца ў звароце пракуратуры.
1 сакавіка ў паводле гэтага факту распачатая крымінальная справа паводле артыкулу "злоснае хуліганства". Казулін у гэтай справе разглядаецца як падазраваны.
Другая справа распачатая у сувязі з паводзінамі Аляксандра Казуліна ў пастарунку пасьля зьбіцьця і затрыманьня 2 сакавіка, калі ён з групай прыхільнікаў спрабаваў прайсьці на Ўсебеларускі народны сход.
Паведамлялася, што ў пастарунку ён разьбіў партрэт Аляксандра Лукашэнкі. За паводзіны ў пастарунку супраць кандыдата распачатая крымінальная справа паводле артыкулу "Хуліганства".
Варта нагадаць, што за інцыдэнт у Палацы культуры чыгуначнікаў, пасьля якога Казуліна даставілі ў пастарунак, супраць яго распачатая справа паводле артыкулу адміністрацыйнага кодэксу - "дробнае хуліганства".