БХК — 15 гадоў
Сёння спаўняецца 15 гадоў з дня заснавання Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК).
Асноўным вынікам дзейнасці БХК стала тое, што ўлады ўсё-такі пачалі прыслухоўвацца да праблемы парушэнняў правоў чалавека, мяркуе лідар арганізацыі Алег Гулак.
«Тэма правоў чалавека стала адной з цэнтральных, яна агучваецца на высокіх міжнародных узроўнях. І ўлады не могуць не звяртаць увагі на тэму парушэнняў правоў чалавека», — заявіў Гулак у інтэрв’ю БелаПАН.
«Чаго не ўдалося зрабіць БХК у сферы правоў чалавека — дык гэта таго, што людзі дагэтуль спадзяюцца не на сябе, а на чыноўнікаў. Людзі не навучыліся самі, персанальна, адстойваць свае правы», — дадаў лідар праваабарончай арганізацыі.
Праца ў гэтым кірунку будзе працягвацца, падкрэсліў ён. «Мы, як і раней гэта рабілі, будзем праводзіць шырокія семінары па адукацыі людзей, іх інфармаванні аб прававым забеспячэнні, каб яны ведалі, на што могуць разлічваць у абароне сваіх правоў», — сказаў Гулак.
Ён заявіў, што БХК не спыніць сваёй дзейнасці нават у выпадку змены ўлады ў Беларусі. «Праблемы з правамі чалавека існуюць нават у самых дэмакратычных дзяржавах — гэта праблема смяротнай кары, праблема ўтрымання зняволеных, праблема свабодных выбараў і спадарожныя ім праблемы. Таму я не думаю, што нават пры самым дэмакратычным прэзідэнце гэтыя праблемы знікнуць», — сказаў Гулак.
Юрыст БХК Гары Паганяйла звярнуў увагу на тое, што арганізацыі не ўдалося дамагчыся, каб правы чалавека «сталі сапраўднасцю». «У Канстытуцыі шмат норм, якія гарантуюць грамадзянам розныя правы. Але гэтыя нормы не выконваюцца або выконваюцца не ў поўнай меры», — канстатаваў ён.
Паводле слоў Паганяйлы, самае важнае — гэта «прышчапіць грамадзянам разуменне, што неабходна самім змагацца за свае правы». «На ўсіх семінарах, на ўсіх трэнінгах мы даём грамадзянам „вудачку“ і спрабуем іх навучыць „лавіць рыбу“ ў адстойванні сваіх правоў», — дадаў ён.
Як бы там ні было, але «БХК жыве, і спадзяецца выжыць далей», падкрэсліў праваабаронца.