Дэпутат гарадзкога савету Юры Глушакоў пакараны адміністратыўным штрафам
Судзьдзя ў адміністрацыйных справах Чыгуначнага райсуду Гомелю Яраслаў Парэмскі пакараў штрафам на 10 базавых велічыняў (290 тысяч рублёў) дэпутата гарадзкога савету Юрыя Глушакова.
Дэпутат абвінавачаны ў парушэньні заканадаўства пра выбары, у прыватнасьці, артыкулу 167, частка 3 Адміністрацыйнага кодэксу. У карыкатурных малюнках на дзяржаўнае тэлебачаньне судзьдзя Парэмскі ўбачыў датэрміновую агітацыю з заклікам не галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах за дзейнага кіраўніка дзяржавы.
Юрась Глушакоў быў затрыманы міліцыянтамі і чалавекам у цывільным у першай палове лютага. Ён перавозіў у мікрааўтобусе свайго знаёмага 11 тысяч улётак з карыкатурамі на афіцыйныя тэлеканалы, а таксама налепкі “Они лгут”.
Міліцыя склала на Юрася Глушакова пратакол пра незаконны выраб і распаўсюд друкаванай прадукцыі, зьмест якой шкодзіць дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку. Судзьдзя Парэмскі кваліфікаваў гэта як парушэньне выбарчага заканадаўства.
Дэпутат Глушакоў наважаны аспрэчыць штраф у вышэйшай судовай інстанцыі, паколькі мяркуе, што ў карыкатурах на тэлебачаньне няма заклікаў не галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах за дзейнага кіраўніка дзяржавы, паведаміла радыё Свабода.