Выбары Прэзідэнта: тыднёвы аналітычны агляд (11-17 кастрычніка)
АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ
1. Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) прыняла пастанову аб доступе кандыдатаў у Прэзідэнты да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, якая амаль не паляпшае становішча апазіцыйных кандыдатаў у параўнанні з выбарамі 2006 года, калі кожны кандыдат меў 60 хвілін гарантаванага эфіранага часу на Першым нацыянальным тэлеканале і столькі ж – на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё за ўвесь перыяд выбарчай кампаніі.
2. Інфармацыя пра працу тэрытарыяльных выбарчых камісій (ТВК) застаецца для назіральнікаў абмежаванай. Мясцовыя улады ў істотнай ступені кантралююць дзейнасць ТВК. У склад многіх ТВК уваходзяць сябры ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі, што ставіць пад сумнеў незалежнасць гэтых камісій.
3. Збор подпісаў па вылучэнні апазіцыйных кандыдатаў у Прэзідэнты ў рамках пікетаў і па месцы жыхарства ідзе без істотных перашкодаў. Ініцыятыўная група аднаго з апазіцыйных кандыдатаў ужо заявіла пра збор неабходнай колькасці подпісаў. У той жа час доступ ініцыятыўных груп апазіцыйных кандыдатаў у студэнцкія і працоўныя інтэрнаты, навучальныя ўстановы і на дзяржаўныя прадпрыемствы застаецца мінімальным.
4. Назіральнікі адзначаюць, што пры зборы подпісаў за А. Лукашэнку працягвае масава выкарыстоўвацца адміністрацыйны рэсурс. Павялічваецца колькасць зафіксаваных выпадкаў удзелу ў зборы подпісаў за дзеючага Прэзідэнта асоб, якія не з’яўляюцца сябрамі яго ініцыятыўнай групы.
5. ЦВК дэманструе няроўны падыход да розных ініцыятыўных груп. За парушэнне выбарчага заканадаўства вынесена папярэджанне ініцыятыўнай групе Уладзіміра Някляева, тады як скаргі на парушэнні з боку ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі накіроўваюцца ў ніжэйстаячыя камісіі.
6. Практычна ўсе скаргі ў ТВК, пракуратуру і суд на парушэнні пры зборы подпісаў застаюцца без задавальнення. Выключэнне складаюць скаргі, якія датычаць вызначэння месцаў, дзе забаронена пікетаванне з мэтай збору подпісаў.
7. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, асабліва мясцовыя, працягваюць асвятляць выбары ў вельмі абмежаваным аб’ёме. Вядзецца агітацыя за А. Лукашэнку, а іншыя ўдзельнікі выбарчай кампаніі амаль цалкам ігнаруюцца.
8. Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» працягвае заставацца адзінай маніторынгавай структурай, якая ажыццяўляе сістэмнае назіранне за выбарамі. Ні адна з іншых нацыянальных і міжнародных маніторынгавых структур яшчэ не мае функцыянуючай сеткі доўгатэрміновых назіральнікаў.
I. дзейнасць выбарчых камісій
14 кастрычніка адбылося чарговае пасяджэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК), на якім быў разгледжаны шэраг пытанняў: аб парадку выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі (СМІ) пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў; аб тлумачэнні прымянення палажэнняў Выбарчага кодэкса, якія прадугледжваюць дэклараванне даходаў і маёмасці; аб парадку ўдзелу ў выбарах грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца па-за яе межамі; аб Назіральнай радзе па кантролі за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі ў СМІ; аб Інфармацыйным цэнтры ЦВК для прадстаўнікоў СМІ і замежных (міжнародных) назіральнікаў; аб унясенні зменаў у пастанову № 44 ад 15 верасня 2010 года і некаторыя іншыя.
Па ўсіх названых пытаннях ЦВК прыняла пастановы, якія істотна не змянілі пералічаныя аспекты выбарчага працэсу ў параўнанні з 2006 годам. Амаль адзінай навацыяй з’яўляецца магчымасць правядзення тэледэбатаў у выпадку жадання не менш чым двух кандыдатаў у Прэзідэнты. Трансляцыя дэбатаў будзе ажыццяўляцца ў запісе. Як і ў 2006 годзе, кожны кандыдат будзе мець 60 хвілін гарантаванага эфіранага часу на Першым нацыянальным тэлеканале і столькі ж – на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё за ўвесь перыяд выбарчай кампаніі.
Паколькі ні Выбарчы кодэкс, ні ЦВК не патрабуюць абнародвання інфармацыі аб месцах працы, пасадах сяброў ТВК, аб часе і месцы правядзення пасяджэнняў ТВК, шмат якія камісіі працягваюць хаваць гэтую інфармацыю ад назіральнікаў. Зафіксаваны выпадкі выдалення назіральнікаў з пасяджэнняў ТВК па прычыне разгляду ў камісіі асобных «тэхнічных момантаў».
Даступная інфармацыя дазваляе зрабіць выснову пра паўтарэнні сітуацыі 2006 года. Напрыклад, у кіраўніцтве (старшыні, намеснікі старшыняў і адказныя сакратары) ТВК Брэсцкай вобласці супрацоўнікі выканкамаў складаюць больш 50% (32 чалавекі з 63). Таксама высвятляецца, што некаторыя сябры ТВК з’яўляюцца адначасова сябрамі ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі. Гэта тычыцца, напрыклад, сябра Брэсцкай абласной выбарчай камісіі Веры Шульжэнкі і сябраў Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Ларысы Антонавай і Леаніда Чухо.
Сведчаннем вялікага ўплыву выканаўчай улады на працу выбарчых камісій з’яўляецца «План арганізацыйна-ідэалагічнага забеспячэння выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2010 года на тэрыторыі Салігорскага раёна», зацверджаны 23 верасня старшынёй райвыканкама Аляксандрам Рымашэўскім. Выканкам плануе, напрыклад, «правядзенне нарады са старшынямі і сакратарамі ўчастковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і «арганізацыю працы назіральнікаў у выбарчых камісіях ад працоўных калектываў, палітычных партыяў, грамадскіх аб’яднанняў», фактычна беручы на сябе функцыі, не прадугледжаныя выбарчым заканадаўствам.
II. ЗБОР ПОДПІСАЎ
Пра тое, што сабрана больш за неабходныя 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў, заявілі штабы А. Лукашэнкі і У. Някляева. Пра сабраную палову неабходнай колькасці подпісаў паведамляюць у штабах Андрэя Саннікава, Яраслава Раманчука, Віктара Цярэшчанкі, Рыгора Кастусёва.
Фармальна магчымасці для збору подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты ў бягучай выбарчай кампаніі істотна пашыраны. Збор подпісаў адбываецца не толькі па месцы пражывання грамадзян, як у кампаніі 2006 года, але і падчас пікетаў у месцах, дазволеных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. У кіраўніцтве Цэнтрвыбаркама падкрэсліваюць, што выбарчая кампанія ідзе «спакойна і арганізавана»[1], а праца ініцыятыўных груп па зборы подпісаў вядзецца ў спрыяльных умовах.
На практыцы, як сведчаць назіральнікі, працягваецца шырокае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу для процідзеяння збору подпісаў за апазіцыйных кандыдатаў. Многія выбаршчыкі паведамляюць, што адміністрацыі прадпрыемстваў забараняюць падпісвацца і ўдзельнічаць у зборы подпісаў за каго-небудзь, акрамя дзеючага Прэзідэнта. Пра гэта было заяўлена, напрыклад, дырэктарам Амговіцкай сярэдняй школы (Слуцкі р-н Мінскай вобл.) Тамарай Жэнжэўскай, загадчыцай ясляў-саду №76 г. Віцебска Вольгай Біруковай і інш.
Сяброў ініцыятыўных груп апазіцыйных кандыдатаў не пускаюць у студэнцкія інтэрнаты. Нягледзячы на прад’яўленыя дакументы, Аляксандру Ермалаеву, сябру ініцыятыўнай групы У. Някляева, без тлумачэння прычын катэгарычна забаранілі збіраць подпісы ў інтэрнаце Аршанскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.
Разам з тым, сябры ініцыятыўных груп У. Някляева, Р. Кастусёва, А. Саннікава зафіксавалі факты прыцягнення студэнтаў Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага універсітэта і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў да збору подпісаў у падтрымку дзеючага Прэзідэнта. У г. Гродна у дамах па вул. Церашковай (№№ 38, 40, 42) збор подпісаў за дзеючага Прэзідэнта ажыццяўлялі асобы з запоўненымі друкаванымі падпіснымі лістамі. У выпадку адмовы насупроць прозвішча выбаршчыка ставілі пазнаку «адмова».
Назіральнікі фіксуюць дастаткова свабодны характар правядзення пікетаў у сталіцы і іншых гарадах краіны. Працягваецца станоўчая тэндэнцыя ўнясення зменаў у папярэднія рашэнні выканкамаў аб вызначэнні месцаў забароненых для збору подпісаў – прынятыя выканкамамі Баранавічаў (Брэсцкая вобласць); Оршы, Паставаў, Расонаў (Віцебская вобласць); Гродна; Слуцка (Мінская вобласць). Яны пашырылі колькасць месцаў не забароненых для збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі.
Пры гэтым існуюць факты грубага парушэння прынцыпу роўнасці умоў для кандыдатаў. Напрыклад, 15 кастрычніка ў памяшканні Мінскага чыгуначнага вакзала стаяў пікет па зборы подпісаў за А. Лукашэнку, пры гэтым ні адной з іншых ініцыятыўных груп адміністрацыяй вакзала не было дазволена праводзіць пікеты ў будынку вакзала. У рэгіёнах, як сведчаць назіральнікі, правядзенне пікетаў па зборы подпісаў за пазіцыйных кандыдатаў менш эфектыўнае. 15 кастрычніка ў г.п. Лёзна (Віцебская вобласць) пікеты па зборы подпісаў за А. Міхалевіча і Р. Кастусёва наведалі супрацоўнікі райвыканкама, пасля чаго з’явіліся невядомыя асобы і адабралі ва ўдзельнікаў пікетаў інфармацыйныя матэрыялы.
III. ЗАЯВЫ І СКАРГІ, ЗВЯЗАНЫЯ З ВЫБАРАМІ
14 кастрычніка ЦВК разгледзела пытанне пра парушэнні выбарчага заканадаўства ініцыятыўнай групай У. Някляева. Паводле інфармацыі, агучанай сябрам ЦВК Надзеяй Кісялёвай, у ЦВК паступіла інфармацыя ад інспекцыі па справах непаўнагадовых Заводскага РУУС г. Мінска пра затрыманні чацвярых непаўнагадовых, якія збіралі подпісы за вылучэнне У. Някляева. Затрыманыя мелі пры сабе ўзоры запаўнення падпісных лістоў, інструкцыю для зборшчыкаў подпісаў, а таксама запоўненыя і чыстыя падпісныя лісты. Акрамя таго, у непаўнагадовых былі пасведчанні сяброў ініцыятыўнай групы У. Някляева, выдадзеныя на імя іншых асобаў, і ўлёткі ў колькасці 50 асобнікаў, якія паводле пазначаных выходных звестак былі надрукаваныя ў г. Самары (Расійская Федэрацыя). Збіраць подпісы за грашовую ўзнагароду ім нібыта прапанавала невядомая асоба.
Кіраўнік ініцыятыўнай групы У. Някляева Андрэй Дзмітрыеў патлумачыў, што ініцыятыўная група не мае ніякага дачынення да затрыманых непаўнагадовых і распараджэння аб зборы подпісаў у штабе У. Някляева ім ніхто не даваў. Па словах Дзмітрыева, некаторыя пасведчанні сяброў ініцыятыўнай групы выдадзеныя ЦВК былі згубленыя, і ніякіх замоваў на друк улётак у Расіі не было. А. Дзмітрыеў назваў усе абвінавачванні ў парушэнні выбарчага заканадаўства правакацыяй.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што дадзеныя факты з’яўляюцца відавочным парушэннем выбарчага заканадаўства: прыцягненне да збору подпісаў непаўнагадовых, перадача пасведчанняў сяброў ініцыятыўнай групы трэцім асобам і збор подпісаў асобамі, якія не з'яўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы, выраб агітацыйнай прадукцыі за межамі Беларусі і яе распаўсюд да пачатку перыяда агітацыі. ЦВК адзінадушна прагаласавала за вынясенне папярэджання ініцыятыўнай групе У. Някляева. Пры гэтым Л. Ярмомшына назвала гэтую меру «занадта мягкай» і патлумачыла, што пры вынясенні менавіта такога рашэння ЦВК кіравалася жаданнем зрабіць выбары «максімальна плюралістычнымі і канкурэнтнымі».
Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» лічыць, што калі прыведзеныя ЦВК факты адпавядаюць рэчаіснасці, то яны сведчаць пра парушэнні ініцыятыўнай групай У. Някляева выбарчага заканадаўства, тым больш, што тлумачэнні яе кіраўніка не выглядаюць пераканаўчымі. Пры гэтым, аднак, назіральнікі кампаніі адзначаюць значную колькасць скаргаў на парушэнні заканадаўства ініцыятыўнай групай А. Лукашэнкі. Трэба адзначыць, што ЦВК не разглядала скаргі аб парушэннях пры зборы подпісаў у падтрымку А. Лукашэнкі, а накіроўвала іх у ніжэйстаячыя ТВК для «правядзення праверкі і прыняцця рашэння па сутнасці». Напрыклад, скарга Мікіты Краснова ў ЦВК (гл. ніжэй) была накіравана ў Мінскую гарадскую выбарчую камісію. Гэта сведчыць пра няроўны падыход да ініцыятыўных груп з боку ЦВК, адсутнасці бесстароннасці і аб’ектыўнасці, бо парушэнні з боку ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі, таксама патрабуюць прававой ацэнкі ня меншай, чым у дачыненні да ініцыятыўнай групы У. Някляева.
У г. Гомелі Ларысай Шчыраковай зафіксаваны факт збору подпісаў сярод студэнтаў прарэктарам па выхаваўчай працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарта і адначасова кіраўніком ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі па Чыгуначным р-не г. Гомеля Галінай Чаянковай. Скарга накіравана ў ЦВК.
У г. Івацэвічы (Брэсцкая вобласць) Станіслаў Халадовіч выявіў факты збору подпісаў за дзеючага Прэзідэнта прадстаўнікамі адміністрацый навучальных установаў горада ў працоўны час. Скарга накіравана ў ЦВК і Брэсцкую абласную выбарчую камісію.
Па фактах збору подпісаў у падтрымку вылучэння А. Лукашэнкі кіраўніцтвам устаноў на працоўных месцах у працоўны час Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы свет» накіравала скаргу ў ЦВК.
У г. Мінску Мікіта Красноў зафіксаваў той факт, што асобныя зборшчыкі подпісаў не мелі пасведчанняў сяброў ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі. Скарга накіравана ў ЦВК. Па аналагічных фактах накіраваў скаргу ў ЦВК і Ленінскую раённую камісію г. Магілёва Аляксей Колчын.
Адсутнасць роўнасці ў стаўленні выбарчых камісіяў да розных ініцыятыўных груп робіцца яшчэ больш відавочнай, калі прыняць да ўвагі, што тэрытарыяльныя камісіі, як правіла, не знаходзяць пацвярджэння ўказаных у скаргах фактаў. Так, Ленінская раёная камісія ў г. Магілёве не знайшла пацвярджэння факту збору подпісаў за вылучэнне А. Лукашэнкі асобай, якая не з’яўлялася сябрам яго ініцыятыўнай групы. Згодна з адказам, атрыманым А. Колчыным, указаная ў скарзе асоба прысутнічала ў месцы правядзення пікета ў мэтах аказання «тэхнічнай дапамогі», што не з’яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства.
IV. CРОДКІ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ
Дзяржаўныя СМІ крайне неактыўна асвятляюць выбарчую кампанію. Мясцовыя дзяржаўныя газеты, як правіла, абмяжоўваюцца афіцыйнымі паведамленнямі, інфармацыяй дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА. Многія дзяржаўныя СМІ дасюль не надрукавалі спісу прэтэндэнтаў на кандыдацкае пасведчанне.
Незалежныя СМІ, як цэнтральныя, так і рэгіянальныя, па-ранейшаму актыўна і ўсебакова асвятляюць ход выбарачай кампаніі. Назіральнікі адзначаюць вялікую запатрабаванасць інфармацыі пра выбары, нараканні выбаршчыкаў на інфармацыйны голад. Грамадзянам бывае складана даведацца пра ход выбарчай кампаніі наогул і пра збор подпісаў у сваім рэгіёне. Разам з гэтым назіральнікі паведамляюць, што шмат дзе ў газетныя кіёскі сталі паступаць большыя, чым звычайна, наклады дзяржаўных газет. Напрыклад, у Мазыры (Гомельская вобласць) заўважаныя павышаныя наклады газет «Советская Белоруссия» і «Гомельская праўда». Кіяскёраў абавязалі настойліва рэкамендаваць іх кожнаму пакупніку.
V. НАЗІРАННЕ ЗА ВЫБАРАМІ
Па дадзеных ЦВК, па стане на 11 кастрычніка пры ТВК былі акрэдытаваны 145 назіральнікаў. Значную частку з іх складаюць доўгатэрміновыя назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за справядлівыя выбары». Дзейнасць астатніх акрэдытаваных назіральнікаў застаецца малазаўважнай.
14 кастрычніка БДІПЧ АБСЕ прапанавала дзяржавам – сябрам арганізацыі накіраваць у Беларусь 40 доўгатэрміновых і 400 кароткатэрміновых назіральнікаў для маніторынга выбараў Прэзідэнта.
Мэтай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з’яўляецца назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне пра нашыя высновы беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці. Кампанія з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай. Інфармацыю пра кампанію можна знайсці на сайтах праваабарончага цэнтра «Вясна» (http://spring96.org) і Беларускага Хельсінкскага камітэта (http://belhelcom.org).
[1] Заява старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай на абласным семінары-нарадзе па пытаннях выбараў (Магілёў, 8 кастрычніка 2010 года). БелаПАН.