viasna on patreon

23 жніўня – Дзень памяці ахвяраў таталітарных і аўтарытарных рэжымаў

2010 2010-08-23T15:17:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Другі год запар 23 жніўня будзе адзначацца агульнаэўрапейскі Дзень памяці ахвяраў таталітарных і аўтарытарных рэжымаў. Адпаведную рэзалюцыю 3 ліпеня 2009 году прыняла Парлямэнцкая Асамблея Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе.

У рэзалюцыі "Аб аб'яднаньні падзеленай Эўропы" асуджаюцца абодва таталітарныя рэжымы ХХ стагодзьдзя – нацызм і сталінізм, а 23 жніўня – дзень падпісаньня пакту Молатава-Рыбэнтропа – абвяшчаецца агульнаэўрапейскім Днём памяці ахвяраў сталінізму і нацызму.

Рэзалюцыя ня мае абавязковай сілы і ўяўляе сабою палітычную заяву.

У дакумэнце выказваецца "глыбокая занепакоенасьць праслаўленьнем таталітарнага рэжыму, у тым ліку публічнымі дэманстрацыямі, падчас якіх станоўча ацэньваецца насысцкая і сталінская мінуўшчына", а таксама выказваецца папярэджаньне з прычыны ўзмацненьня экстрэмісцкіх рухаў, сярод іншага – нацыстаў і скінгэдаў.

"Нагадваючы, што веданьне гісторыі дапамагае пазьбегнуць паўтарэньня гэткіх злачынстваў у будучыні, і што шчырае і грунтоўнае абмеркаваньне гісторыі будзе спрыяць прымірэньню на падставе ісьціны і ўшанаваньня памяці загіблых... Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ зноў пацьвярджае сваю адзіную пазыцыю, якая адкідае таталітарнае кіраваньне ў якой бы то ні было форме незалежна ад яго ідэалягічнай базы", – гаворыцца ў эзалюцыі.

Аўтары рэзалюцыі літоўскі парлямэнтар Вілія Алякнайце-Андрыкене і славенец Рабэрта Батэлі заклікаюць "працягнуць вывучэньне таталітарнай спадчыны і павышаць інфармаванасьць грамадзкасьці", просяць "урады і парлямэнты дзяржаваў-удзельніц цалкам пазбавіцца ад структураў і мадэляў паводзінаў, скіраваных на тое, каб прыхарошыць мінуўшчыну" і заклікаюць дзяржавы адкрыць свае гістарычныя і палітычныя архівы, змагацца супраць ксэнафобіі і агрэсіўнага нацыяналізму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства