viasna on patreon

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2010: папярэднія высновы назірання за першымі тыднямі выбарчай кампаніі

2010 2010-10-01T22:05:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zasvabodnyjavybarylogo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

1. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2010 праводзяцца на аснове Выбарчага кодэкса 2000 года за зменамі і дапаўненямі ад 4 студзеня 2010 года. Гэтыя змены садзейнічалі ў пэўнай меры набліжэнню нацыянальнага выбарчага заканадаўства да дэмакратычных стандартаў, але, як паказалі мясцовыя выбары ў красавіку 2010 года, не змянілі характара выбарчага працэса, падчас якога былі зафіксаваныя сур’ёзныя сістэмныя адступленні ад дэмакратычных стандартаў.

2. Разгляд пытання аб прызначэнні выбараў Прэзідэнта на 19 снежня 2010 года Палатай прадстаўнікоў Нацянальнага схода, які адбыўся 14 верасня, быў аднабаковым і паспешлівым, а папярэдняя падрыхтоўка да яго не адпавядала арт. 65 Канстытуцыі, згодна з якім «падрыхтоўка i правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта i галосна».

3. Пакет пастановаў і іншых дакументаў па арганізацыі і падрыхтоўцы выбараў,  зацверджаны Цэнтральнай выбарчай камісіяй (ЦВК) 15 верасня, не утрымліваў істотных адрознненяў ад аналагічнага пакета, зацверджанага напярэдадні выбараў 2006 года.

4. Два былых кандыдаты ў Прэзідэнты на выбарах 2006 года, Аляксандр Казулін і Аляксандр Мілінкевіч, заявілі аб сваім неўдзеле з выбарах, прычым апошні матываваў сваё рашэнне адсутнасцю зменаў у выбарчым заканадаўстве, якія б зрабілі працэс выбараў і падлік галасоў празрыстым.

5. Працэс падачы ў ЦВК заяваў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп ад асоб, якія маюць намер стаць кандыдатамі ў прэзідэнты, а таксама спісаў сяброў ініцыятыўных груп, адбыўся ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, за адным выключэннем: дзеючы Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прадставіў неабходныя дакументы не асабіста, як таго патрабуе арт. 61 кодэкса, а праз кіраўніка свайго выбарчага штаба, міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, які таксама не быў заўважаны староннімі назіральнікамі ў ЦВК.

6. Заявы і спісы ад 19 ініцыятыўных груп былі разглежданыя ЦВК ва ўстаноўлены календарным планам выбараў тэрмін. Пасведчанні пра рэгістрацыю ініцыятыўных груп атрымалі 17 грамадзян, а двум было адмоўлена з той прычыны, што іх групы не налічвалі 100 чалавек, як таго патрабуе выбарчае заканадаўства. Пры разглядзе спісаў асобных кандыдатаў (напрыклад, Сяргея Гайдукевіча) ЦВК прадэманстраваў выключную памяркоўнасць да недахопаў у пададзеных дакументах.

7. Працэс вылучэння кандыдатур у склад 155 тэррытарыяльных выбарчых камісій (ТВК), які завяршыўся 26 верасня, у цэлым адбываўся ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам, і мясцовыя органы ўлады прымалі заявы ад усіх суб’ектаў, маючых права вылучаць кандыдатаў у камісіі (доўгатэрміновыя назіральнікі кампаніі адзначылі толькі адзін выпадак, калі заява не была прынятая).

8. Інфармацыя аб месцы і часе сумесных пасяджэнняў прэзідыумаў саветаў дэпутатаў і выканкамаў, на якіх склад ТВК павінен быў быць зацверджаным, была мала даступнай, і назіральнікі кампаніі былі вымушаныя адмыслова звяртацца ў мясцовыя органы ўлады с запытамі на гэты конт.

9. Да 24 верасня, як таго патрабавала ЦВК, мясцовыя органы ўлады вызначылі месцы, забароненыя для пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты. За выключэннем Мінска, дзе абмежаваніі для пікетавання з’яўляюцца мінімальнымі, амаль ва ўсіх астатніх населеных пунктах уведезны жорсткія абмежаванні, якія фактычна забараняюць збор подпісаў ў месцах, якія з’яўляюцца найбольш зручнымі для кантакту з выбаршчыкамі з боку ініцыятыўных груп, што падтрымліваюць апазіцыйных кандыдатаў. У той жа самы час, ні Выбарчы кодэкс, ні ЦВК ніякім чынам не ўрэгулявалі пытанне аб магчымасці збору подпісаў на тэрыторыі дзяржаўных прадпрыемстваў і устаноў, то бок менавіта там, дзе ў 2001 і 2006 гадах была сабраная пераважная колькасць галасоў у падтрымку А.Лукашэнкі, і дзе прадстаўнікі іншых кандыдатаў сустракаліся з перашкодамі і забаронамі з боку адміністрацый.

10. Як адзначаюць доўгатэрміновыя назіральнікі, пры фарміраванні ініцыятыўнай групы дзеючага Прэзідэнта актыўна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс.

11. Дзяржаўныя тэлебачанне і радыё, а таксама цэнтральныя газеты шырока, але аднабакова асвятлялі выбарчы працэс. Яшчэ да таго, як стала афіцыйна вядома пра ўдзел А.Лукашэнкі ў выбарчай кампаніі, вялікая колькасць рэпартажаў і каментароў фактычна з’яўлялася дэтэрміновай агітацыяй за яго. Інфармацыя пра іншых патэнцыйных кандыдатаў падавался ў выключна абмежаваным аб’ёме и у негатыўным ракурсе.

12. У цэлым, з пункту глеждання арганізацыі выбарчага працэса, першыя два тыдні выбарчай кампаніі 2010 года амаль нічым не адрозніваюцца ад першых двух тыдняў кампаніі па выбарах Прэзідэнта 2006 года.

 

Мэтай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з’яўляецца назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне пра нашыя высновы беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці. Кампанія з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай. Інфармацыю пра кампанію можна знайсці на сайтах праваабарончага цэнтра «Вясна» (http://spring96.org) і Беларускага Хельсінкскага камітэта (http://www.belhelcom.org).

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства