У Магілёўскую абласную выбарчую камісію патрапіў прадстаўнік АГП
Сёння, 29 верасня, у Магілёве адбылося сумеснае пасяджэнне кіраўніцтва Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта і Прэзідыума Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, дзе быў зацверджаны склад абласной выбарчай камісіі ў колькасці 13 чалавек. Пададзена ж заявак на ўваходжанне ў склад абласной выбарчай камісіі было 34. Ад прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці ў склад камісіі патрапіў актывіст Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Ўладзімір Парфёнаў.
На пасяджэнні таксама прысутнічалі назіральнікі: старшыня абласной арганізацыі БНФ “Адраджэнне” Зміцер Салаўёў, Старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў і праваабаронца Барыс Бухель.
“Ад апазіцыі было пададзена тры кандыдатуры, - гаворыць праваабаронца Барыс Бухель, - ад ГА БНФ “Адраджэнне” Сяргей Фамін, ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Анатоль Заўялаў, ад АГП – Уладзімір Парфёнаў. Апошні з іх стаў членам абласной выбарчай камісіі”.
Барыс Бухель адзначае, што пасяджэнне праходзіла адкрыта і дэмакратычна. Усе прысутныя задавалі пытанні і вядучы пасяджэння адказваў на іх.
“Я задаў два пытанні, на якія атрымаў грунтоўныя адказы, чаго папросту раней не было, - гаворыць Барыс Бухель, - акрамя гэтага я папрасіў паўтарыць спіс сябраў новаўтворанай камісіі. Мне яго паўтарылі і я здолеў запісаць усіх на дыктафон, хто дзе працуе, кім вылучаны, як імя і прозвішча”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”