Жлобін: У раённую камісію не ўключылі прадстаўніка апазіцыі
Улады Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці адмовіліся уключыць у раённую выбарчую камісію прадстаўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валянціна Яўзрэзава. На паседжанні па ўтварэнні камісіі нават не былі зачытаны ўсе прапанаваныя кандыдатуры.
У Жлобіне адбылося сумеснае пасяджэнне Прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта. На такіх пасяджэннях, згодна Выбарчаму кодэксу, утвораюцца раённыя камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Жлобінская раённая арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі вылучыла ў камісію свайго прадстаўніка – Валянціна Яўзрэзава. Аднак прэзідыум Жлобінскага райсавета і Жлобінскі райвыканкам адмовіліся уключыць прадстаўніка апазіцыйнай партыі ў камісію.
На паседжанні прысутнічаў сябра жлобінскай раённай арганізацыі партыі «Справядлівы свет» Анатоль Сцепаненка. Вось што ён распавёў:
- Паседжанне вялі старшыня райсавета Касюкоў Міхаіл Васільевіч і старшыня райвыканкама Апанасюк Леанід Мікалаевіч. На трыбуну выйшаў намеснік старшыні райвыканкама Касцяйкоў Віктар Аляксеявіч. Ён паведаміў, што на ўключэнне ў камісію паступіла 26 кандыдатур, з якіх яны выбралі 13, якія, на іх меркаванне, найбольш падыходзяць. Усе 26 кандыдатур ён не зачытваў, і яны не абмяркоўваліся. Зачытаў толькі 13 кандыдатур, і за іх прагаласавалі спісам. На гэтым паседжанне закончылася.
Паводле апошніх дапаўненняў у Выбарчы кодэкс, выбарчыя камісіі павінны не меньш чым на 1/3 складацца з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Прадстаўнікі жлобінскай апазіцыі лічаць, што як і на выбарах у мясцовыя Саветы, якія прайшлі ў пачатку года, гэтыя месцы будуць запоўнены праўладнымі арганізацыямі.
29 верасня старшыня Жлобінскай раённай арганізацыі партыі «Справядлівы свет» Валерый Рыбчанка падаў у суд Жлобінскага раёна скаргу на адмову мясцовых уладаў уключыць у камісію прадстаўніка апазіцыі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”