viasna on patreon

Прадстаўнікі БДІПЧ/АБСЕ сустрэліся з кіраўніцтвам кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

2010 2010-09-29T19:31:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/odihr-osce.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29 верасня адбылася сустрэча кіраўніцтва кампаніі “Правабаронцы за свабодныя выбары” з прадстаўнікамі БДІПЧ/АБСЕ, якія з 26 верасня знаходзяцца з рабочым візітам у Мінску. Рабочая група назіральнікаў наведала Мінск для азнаямлення з сітуацыяй напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, дзеля чаго правяла шэраг сустрэчаў як у дзяржаўны, так і ў недзяржаўных структурах.

Старшыня БХК Алег Гулак і намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч адказалі на шматлікія пытанні прадстаўнікоў АБСЕ, азнаёмілі іх з прынцыпамі працы беларускіх незалежных назіральнікаў падчас выбарчай кампаніі. Вялікую цікавасць еўрапейцаў выклікалі таксама змены ў выбарчым заканаўстве Беларусі і аналіз правабаронцамі розных сітуацый, у якіх робяцца магчымымі фальсіфікацыі пры падліку галасоў.

Як адзначыў В.Стэфановіч, у айчынным Выбарчым кодэксе ёсць і змены да лепшага. Напрыклад, пры датэрміновым галасаванні закон цяпер прадугледжвае штодзеннае вывешванне на стэндах камісій інфармацыі пра колькасць прагаласаваўшых, а таксама падсумоўванне гэтай колькасці па выніках усіх пяці “датэрміновых” дзён. Прапісаны і новаўвядзенні пры падліку галасоў датэрміновага галасавання: цяпер камісіі павінны ўлічваць такія галасы асобна ад тых, што пададзены ў асноўны выбарчы дзень, і пры гэтым інфармаваць асобна пра атрыманыя лічбы. Ці будзе выконвацца заканадаўства ў гэтым пункце, і павінна высветліць назіранне.

Правабаронцы адзначылі таксама практыку маніпуляцый са спісамі выбаршчыкаў, якая мела месца на ранейшых выбарах. “Спісы выбаршчыкаў на кожным участку для галасавання схаваныя, іх не паказваюць мне як назіральніку, а могуць паказаць толькі ў выпадку, калі я зарэгістраваны на дадзеным участку як выбаршчык і прыйшоў галасаваць”, - патлумачыў сітуацыю В.Стэфановіч.

Пільную ўвагу назіральнікаў выклікае зараз і такое новаўвядзенне, як прапісаная ў змененым Кодэксе магчымасць абскарджвання суб’ектамі, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у камісіі, рашэнняў аб іх неўключэнні. Пакуль інфармацыя пра скаргі на такія выпадкі адзінкавая, але, як паказаў досвед мясцовых выбараў пачатку бягучага года, калі ніводная  скарга не была задаволеная, чакаць станоўчых вынікаў не прыходзіцца. Адна з задач незалежнага назірання – адсачыць, як новаўвядзенні заканадаўства працуюць на практыцы.

На пытанне прадстаўнікоў АБСЕ, чаму незалежныя назіральнікі не былі ўключаныя ў склад толькі што сфармаваных тэрытарыяльных выбарчых камісій, В.Стэфановіч і А.Гулак адзначылі, што ўваходжанне ў выбарчыя камісіі з самага пачатку і не было задачай правабаронцаў, якія павінны толькі назіраць за ходам выбарчай кампаніі. Больш за тое, беларускія правабаронцы агучылі думку, што прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў увогуле не павінны былі б уваходзіць у склад выбарчых камісій. Прычынай гэткага меркавання, патлумачылі яны, стала практыка, калі большую частку камісій складаюць сябры Чырвонага Крыжа, арганізацый воінаў-афганцаў і г.д – то бок арганізацый, што займаюць непрыкрыта праўладную пазіцыю.

Прадстаўнікамі АБСЕ задаваліся таксама пытанні пра рэгістрацыю ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Праваабаронцы коратка спыніліся на юрыдычных казусах з ініцыятыўнай групай А.Лукашэнкі, якія падаваў дакументы не асабіста, а праз давераную асобу, і С.Гайдукевіча, які ўключыў у сваю ініцыятыўную групу сябра Цэнтрвыбаркама (як аказалася пазней, без яго ведама).

Найбольш вострым пытаннем абмеркавання стала тэма наяўнасці ў Крымінальным кодэксе РБ артыкулу 193.1 (дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый), які не быў адменены. У спалучэнні з сістэматычнымі адмовамі ў рэгістрацыі многім арганізацыям, у тым ліку ПЦ “Вясна”, такое заканадаўства ставіць не толькі прадстаўнікоў апазіцыі, але і незалежных назіральнікаў перад пагрозай крымінальнага пераследу за сваю дзейнасць на выбарах.  

Як паведамілі прадстаўнікі БДІПЧ/АБСЕ, пасля іх справаздачы па выніках паездкі ў Мінск будзе фармавацца група назіральнікаў, якая за 5-6 тыдняў да выбараў прыбудзе ў Беларусь.

Старшыня БХК Алег Гулак, адказваючы на пытанне пра тое, якія надзеі беларускія правабаронцы ўскладаюць на візіт групы АБСЕ, заявіў: “Я б не гаварыў пра надзеі, я б гаварыў пра тое, што мы робім сваю працу, і робім яе максімальна празрыста і адкрыта. Канечне, кантакт і супрацоўніцтва з АБСЕ, з назіральнікамі вельмі важна. Я спадзяюся, што яны будуць дастаткова падрыхтаванымі і аб’ектыўнымі для таго, каб адэкватна ўспрымаць і ацэньваць сітуацыю ў Беларусі”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства