Магілёў: Упершыню за 16 год праваабаронцу пусцілі на першае паседжанне райвыбаркама
Сёння, 29 верасня, упершыню за апошнія 16 год праваабаронца Барыс Бухель здолеў патрапіць на першае паседжанне Кастрычніцкай раённай выбарчай камісіі, якое адбывалася ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна.
“Пасяджэнне цягнулася ўсяго 15 хвілін. За гэты час былі выдадзены пасведчанні членам выбарчай камісіі, заслухана ўступнае слова прадстаўніка гарвыканкама і на безальтэрнатыўнай аснове быў абраны старшыня выбарчай камісіі, яго намеснік і сакратар, - гаворыць Барыс Бухель. - Кіраўніком стаў ужо правераны кадр - спадар Кажэмякін, які неаднаразова прымаў удзел у працы выбарчых камісій”.
З 13 сябраў камісіі прысутнічалі 12. Праваабаронца адзначае, што на паседжанні прысутнічаў кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва Андрэй Каваленка, але ён не ўмешваўся ў працу сябраў камісіі.
Нагадаем, што ў складзе Кастрычніцкай раённай выбарчай камісіі адсутнічаюць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”