viasna on patreon

Кіраўніку ініцыятыўнай групы Някляева на Случчыне пагражае звальненне

2010 2010-09-28T19:48:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/uvolnenie.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На сайце rabota.by 21 верасня з'явілася абвестка пра вакансію старэйшага майстра ў Слуцкім будаўнічым участку філіяла "Мінскэнэергаспецрамонт" РУП "Мінскэнэрга". На гэтай пасадзе на дадзены момант працуе Анатоль Юрэвіч, кіраўнік ініцыятыўнай групы Ўладзіміра Някляева па Слуцку і Слуцкім раёне.

Абвестку на сайце (http://rabota.by/vacancy/view/80487/ - гіперспасылка) выявіў грамадскі актывіст Віталь Амяльковіч. "Анатоль распавёў мне, што калегі папярэдзілі яго пра тое, што ён можа пазбавіцца працы з-за палітычнай дзейнасці", - падзяліўся Віталь Амяльковіч.

Навіна пра тое, што на яго месца тэрмінова шукаюць новага чалавека, шакавала Анатоля Юрэвіча. "Я працую без малога год, і кіраўніцтва мною было задаволена, - сказаў ён. - Я быў здзіўлены, калі ўбачыў памер заробку, прапанаванай у абвестцы, - ад 1 500 000 рублёў. Я за гэтую ж працу атрымліваю аклад 779 000 рублёў, сумяшчаючы функцыі начальніка ўчастку, старэйшага майстра і нармоўшчыка. Бывае, што на працу з'яжджаю ў 5 раніцы і вяртаюся ў 10 вечара".

Каб выключыць магчымую правакацыю, знаёмы Анатоля патэлефанаваў па тэлефоне, указаным у абвестцы. Трубку зняла супрацоўніца аддзела кадраў філіяла "Мінскэнэргаспецрамонт", якая прапанавала сушукальніку адаслаць рэзюмэ па факсе ці пад'ехаць на гутарку ў офіс. "Скажыце, а гэта працоўнае месца было нядаўна створана?" - удакладніў сушукальнік. - "Не, у нас цяпер чалавек звальняецца", - растлумачыла супрацоўніца.

Анатоль Юрэвіч, які не падазраваў пра сваё будучае звальненне, мае намер працаваць, як і раней, і сыходзіць з ініцыятыўнай групы лідэра грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" не збіраецца.

Гэта не першы выпадак, калі ў Анатоля Юрэвіча ўзніклі праблемы з-за палітычнай дзейнасці. "Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006-га, калі я працаваў у ініцыятыўнай групе Аляксандра Казуліна, у мяне былі складанасці з працаўладкаваннем, - успамінае Юрэвіч. - На слуцкіх будаўнічых прадпрыемствах мне прамым тэкстам казалі: "Ты добры спецыяліст. Менавіта такі нам патрэбен. Але тэлефанавалі з выканкама і далі ўказанне: апазіцыянера на працу не браць. Прабач".

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства