viasna on patreon

На поўначы Магілёўшчыны актыўнасць дэмакратычных прэтэндэнтаў у кандыдаты невялікая

2010 2010-09-21T19:20:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У паўночных раёнах Магілёўскай вобласці ў склад ініцыятыўных групаў дэмакратычных прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзіндэнты пакуль ўвайшла невялікая колькасць людзей.

У Горацкім раёне ствараюць свае ініцыятыўныя групы толькі двое з патэнцыйных кандыдатаў – Алесь Міхалевіч і прадстаўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Зараз у Горках у кожную з ініцыятыўных групаў увайшло прыкладна каля дзесятка чалавек. Толькі па некалькі чалавек запісаліся ў ініцыятыўныя групы гэтых жа прэтэндэнтаў і ў Дрыбінскім раёне, але там знайшліся таксама і прыхільнікі вылучэння паэта Уладзіміра Някляева, а таксама сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага. Магчыма, што тут з’явяцца і прыхільнікі вылучэння лідэра “Хартыі-97” Андрэя Саннікава, чальцы штаба прэтэндэнта вядуць працу ў гэтым накірунку.

У Клічаўскім раёне Магілёўшчыны плануюць збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатамі на пасаду прэзідэнта Уладзіміра Някляева і Віталя Рымашэўскага. Пакуль у кожнай з ініцыятыўных групаў гэтых прэтэндэнтаў выказалі жаданне працаваць зноў жа каля дзесятка чалавек.

Дакладна вядома, што ў Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці адзін чалавек увайшоў у склад ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева. Спрабуюць пашырыць свае шэрагі на Кругляншчыне і прадстаўнікі прэтэндэнта ад АГП Яраслава Раманчука.

Дэмакратычныя актывісты Бялыніцкага раёна ўвайшлі ў склад ініцыятыўных групаў Рыгора Кастусёва і Уладзіміра Някляева. У кожнай з гэтых групаў крыху больш, чым па дзесяць чалавек. Зараз спрабуе знайсці прыхільнікаў сярод жыхароў Бялыніччыны і Алесь Міхалевіч.

Актывісты штабоў прэтэндэнтаў у кандыдаты адзначаюць, што далучаць людзей да ініцыятыўных групаў вельмі цяжка, бо многія баяцца страціць працу. Пра гэта, у прыватнасці, распавёў адзін з бялыніцкіх сяброў партыі БНФ, які збіраўся працаваць у ініцыятыўнай групе Рыгора Кастусёва, Андрэй І.:
 - Я працую ў прыватніка. Калі я падышоў да гаспадара і запытаўся, ці не будзе ён супраць, калі я далучуся да ініцыятыўнай групы дэмакратычнага прэтэндэнта, то гаспадар адказаў: “Слухай, мне праблемы не патрэбны. Калі хочаш – далучайся, але калі да мяне прыйдуць з райвыканкама і што-небудзь запытаюць пра тваю дзейнасць, то я цябе звольню. Яшчэ раз кажу, мне праблемы не патрэбны”. Зразумела, што ўдзельнічаць у ініцыятыўнай групе я не буду, бо мне сям’ю карміць трэба.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства