Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя пакуль застаецца незарэгістраванай
Міністэрства юстыцыі пакінула без разгляду заяву аб рэгістрацыі партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД).
Як паведамляе сайт Мінюста, «у сувязі з тым, што ў прадстаўленых дакументах адсутнічае спіс членаў кіруючага органа партыі (Нацыянальнай Рады), наяўнасць якога прадугледжана артыкулам 15 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб палітычных партыях», заява аб рэгістрацыі партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя пакінута без разгляду».
Як паведаміў БелаПАН сустаршыня БХД Павел Севярынец, Мінюст «паспяшаўся са сваім паведамленнем». «Устаноўчы з’езд БХД прайшоў 12 верасня, дакументы на рэгістрацыю партыі мы абавязаны падаць на працягу месяца. Гэта значыць для падачы ўсіх дакументаў у нас ёсць тэрмін да 12 кастрычніка. У гэты час мы можам перадаваць у Мінюст дакументы, якіх не хапае, выпраўляць выяўленыя памылкі, забіраць недакладныя дакументы, гэта значыць рабіць усё, каб да 12 кастрычніка ў нас усё было ў парадку», — лічыць Севярынец.
Паводле яго слоў, ужо сёння спіс членаў кіруючага органа партыі быў перададзены ў Мінюст.
«Мы проста спяшаемся з падачай дакументаў, таму што ў канцы кастрычніка еўрапейскія структуры павінны вырашаць пытанне аб працягу санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Адна з умоў зняцця санкцый — рэгістрацыя БХД. Таму дакументы ў Мінюст мы адносім часткамі, па меры іх гатоўнасці», — патлумачыў Севярынец.