viasna on patreon

На сесіі Савета ААН па правах чалавека зноў крытыкавалі Беларусь

2010 2010-09-20T16:31:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/europa.jpg

У Жэневе працягваецца 15-я сесія Савета ААН па правах чалавека. У першы ж дзень, 13 верасня, Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наванэтэм Пілай (Navanethem Pillay) пакрытыкавала Беларусь за становішча з правамі недзяржаўных арганізацый.

17-га верасня крытыка ў бок нашай краіны працягнулася. Прадстаўнік Бельгіі Алекс ван Мэўвэн (Alex Van Meeuwen) ад імя Еўрасаюза адзначыў:

"Еўрасаюз спадзяецца, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца без парушэнняў правоў чалавека, у асаблівасці права на свабоду слова і грамадскіх аб’яднанняў. Еўрасаюз таксама заклікае беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне".

Апрача Беларусі, краіны, на сітуацыі з правамі чалавека ў якіх спыніўся Алекс ван Мэўвэн, сталі Іран, Бахрэйн, Судан, Самалі, М’янма, Паўночная Карэя і Кітай.

Прадстаўнікі краін з самымі высокімі стандартамі дэмакратыі і правоў чалавека ў свеце – Нарвегія і Швецыя – таксама з жалем узгадалі становішча з правамі чалавека ў Беларусі.

Прадстаўнік Нарвегіі Гэйг С’ёбэрг (Geir Sjøberg): "Мы раздзяляем занепакоенасць Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека адносна сітуацыі ў Беларусі. Удзельнікі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку праваабаронцы, рэлігійныя суполкі, СМІ, палітычныя партыі па-ранейшаму маюць абмежаванні для сваёй легітымнай дзейнасці".

Гэйг С’ёбэрг асобна адзначыў, што пашана правоў чалавека – асноўная ўмова для паглыблення адносін Беларусі з еўрапейскай супольнасцю.

Прадстаўнік Швецыі Ян Кнутсан (Jan Knutsson): "Нядаўнія інцыдэнты ў Беларусі выклікаюць жаль. Яны сведчаць аб цяжкай сітуацыі для журналістаў, якія праводзяць расследаванні, і для праваабаронцаў".

Беларуская дэлегацыя скарысталася сваім правам адказаць на крытыку. Прадстаўнік Пастаяннай місіі Беларусі пры ААН Андрэй Таранда адзначыў:

"Мы хацелі б заклікаць дэлегацыю Нарвегіі адмовіцца ад інтэрпрэтацыйных заяў па выступленні Вярхоўнага Камісара, якія яна агучвае з мэтай легітымізацыі сваіх заклапочанасцяў".

У якасці контраргумента на крытыку аб прыцясненні рэлігійных свабодаў і права на стварэнне аб’яднанняў Андрэй Таранда прывёў лічбы зарэгістраваных рэлігійных суполак і грамадскіх арганізацый у цэлым.

Андрэй Таранда: "Дынаміка, якая сведчыць пра ўстойлівы рост колькасці грамадскіх аб’яднанняў у Беларусі – лепшае пацвярджэнне неаб’ектыўнасці крытычных заўваг, што прагучалі ў наш адрас. У Беларусі дзейнічаюць больш за 2200 грамадскіх аб’яднанняў. Толькі ў 2009 зарэгістравалі 94 новыя".

Тым часам, паводле афіцыйнай статыстыкі, на 30 кастрычніка 2003 было 2248 грамадзянскіх аб’яднанняў, на 1 студзеня 2010 – 2225.

На крытыку аб праве на свабоду слова, становішча журналістаў і праваабаронцаў беларуская дэлегацыя не адказала зусім.

Нагадаем, па выніках 8-ай працоўнай сесіі Ўніверсальнага перыядычнага агляду, які прайшоў у траўні, замежныя ўрады сфармулявалі для Беларусі 93 рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека.

Па найбольш прынцыповых з іх беларуская дэлегацыя выкажацца 23 верасня і адзначыць, ці будзе іх выконваць. Сярод гэтых рэкамендацый – скасаванне артыкула аб крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый, увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне, ратыфікацыя шэрагу міжнародных дамоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства