«Рэпарцёры без межаў» выступілі з заявай
Міжнародная арганізацыя зноў выказвае заклапочанасць з нагоды цкавання беларускіх журналістаў ва ўмовах набліжэння прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 19 снежня. Пра гэта гаворыцца ў заяве арганізацыі, распаўсюджанай 20 верасня.
«Пераслед уладаў жорстка скарачае і без таго абмежаваную свабоду беларускіх СМІ, якія дагэтуль не аправіліся ад загадкавай смерці журналіста Алега Бябеніна на пачатку верасня», — падкрэслівае арганізацыя.
Нагодай для заявы стала чарговае папярэджанне на адрас «Народнай волі», што павялічвае шанцы газеты быць прыпыненай на 3 месяцы. «Рэпарцёры» выказваюць апасенне, што арт. 51 новага закона «Аб друку», які дазваляе ўладам прыпыняць газеты пасля 2 папярэджанняў, будзе выкарыстоўвацца супраць крытычна настроеных СМІ альбо ціску на іх з мэтай схіліць да самацэнзуры.
«Рэпарцёры» нагадваюць, што месяц таму яны ўжо выказвалі занепакоенасць з нагоды шэрагу папярэджанняў на адрас «Народнай волі» і «Нашай Нівы». Па назіраннях арганізацыі, выкарыстоўваюцца і іншыя метады цкавання медыяў — у тым ліку пазбаўленне іх рэкламы, адмовы ў акрэдытацыі і доступе да інфармацыі і г.д. У звязку з гэтым «Рэпарцёры» прыгадваюць газету «Бобруйский курьер», якая апынулася на мяжы банкруцтва і вымушана была з ліпеня прыпыніць выхад.