Рагачоў: Дзяржпрапаганда напярэдадні выбараў палохае моладзь
Дзяржаўныя друкаваныя выданні напярэдадні выбараў успомнілі пра праграму Каліноўскага. Яна пачала дзейнічаць якраз пасля мінулых прэзідэнтскіх выбараў, калі многія студэнты былі адлічаны з ВНУ за ўдзел у «Плошчы-2006». Відавочна, что ўлада не выключае такога развіцця падзей — масавых пратэстаў, і пад час будучых прэзідэнтскіх выбараў, тым больш — некаторыя патэнцыйныя кандыдаты заяўлялі, што маюць намер, пры магчымай фальсіфікацыі выбараў, адстойваць сваю перамогу на плошчы. Напэўна, менавіта з гэтым звязаны артыкулы пра праграму Каліноўскага, якія з'явіліся ў газеце «Рэспубліка» і рагачоўскай раенцы «Свабоднае слова». Агульны месідж артыкула ў рагачоўскай газеце такі: «Не верце апазіцыі, калі вас адлічаць, то ніхто вам не дапаможа».
«Свабоднае слова» піша, што студэнты, якія паехалі вучыцца ў Польшчу па праграме Каліноўскага, «з мноства адукацыйных праграмаў выбралі тую, якая можа і ведаў не даць, і на кар'еры паставіць «вялікую тлустую пляму». Саму праграму аўтар артыкула называе «маштабным праектам, накіраваным на тое, каб уцягнуць больш беларускай моладзі ў дэструктыўныя палітызаваныя групоўкі». У артыкуле нават прыводзяць словы ананімнага былога «каліноўца», які апісвае жахі навучання ў Польшчы, сярод якіх — навучанне на польскай мове, не запатрабаваныя спецыяльнасці, па якіх прапаноўваюць вучыцца. «Да таго ж толькі адзінак пакідаюць вучыцца ў Варшаве, беларускіх студэнтаў накіроўваюць «захапляцца краявідамі Бяла-Падляскі і іншых правінцыйных мястэчак». Можам толькі дадаць, што Бяла-Падляска насамрэч не такі ўжо і правінцыйны горад, прынамсі, лепшы за чарнобыльскія райцэнтры Гомельскай вобласці, куды пад прымусам едуць нашы студэнты па размеркаванню. Ананімны «каліновец», калі ён існуе ў рэчаіснасці, дадае, што заняткі для студэнтаў у Польшчы зводзяцца да падрыхтоўкі да ўдзелу ў вулічных акцыях пратэсту.
Аўтар намякае, што нашых студэнтаў «там» выкарыстоўваюць у сваіх інтарэсах замежныя спецслужбы. І, як вынік усяго благога ў Польшчы - «п'янкі-гулянкі, наркотыкі, бойкі», а затым — адлічэнне і вяртанне на Радзіму. «Аднак тут у іх узнікнуць скалданасці пры працаўладкаванні — не ўсе дыпломы каціруюцца ў Беларусі», - папярэджвае аўтар артыкулу.
Дарэчы, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт таксама заклапочаны тым, каб актыўнасць студэнтаў бына накіравана ў патрэбны дзяржаве бок, таму ў «Кодэксе гонару студэнтаў» запісана, што, згодна з артыкулам №11, студэнт «не дапускае распаўсюджвання інфармацыі антыграмадскага зместу, накіраванай на дэстабілізацыю правапарадку, не ўдзельнічае ў несанкцыянаваных мінтынгах і акцыях»
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”