Улады РБ адмаўляюцца выконваць рэкамэндацыю ААН адносна скасаваньня артыкула 193.1 Крымінальнага кодэксу
23 верасьня адбудзецца 15-ая сэсія Рады па правах чалавека ААН, у рамках якой будзе зацьвярджацца выніковы дакумэнт Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду. Аднак ужо цяпер зразумела, што беларуская дзяржава не прымае рэальных крокаў дзеля паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека.
Унівэрсальны пэрыядычны агляд – гэта ключавое новаўвядзеньне ААН, прызванае ўплываць на сытуацыю з правамі чалавека ў глябальным маштабе. Адпаведна са спэцыфікай Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду, усе краіны-ўдзельніцы ААН праходзяць працэдуру праверкі на адпаведнасьць дэмакратычным стандартам. Кожныя чатыры гады ўрады і няўрадавыя арганізацыі падаюць справаздачы адносна стану з правамі чалавека ў сваіх дзяржавах. Прычым голас суб’ектаў грамадзянскай супольнасьці мае раўназначную вагу з пазыцыяй афіцыйных дзяржаўных інстытуцыяў.
У выпадку зь Беларусяй былі падрыхтаваныя два адрозныя паводле зьместу даклады: афіцыйны і альтэрнатыўны. Афіцыйную вэрсію справаздачы пра стан правоў чалавека, падрыхтаваную МЗС, падтрымаў шэраг псэўдаграмадзкіх арганізацыяў (напрыклад, Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў і інш.). Беларускі ўрад у сваім дакладзе заявіў пра ідэальныя варункі для існаваньня грамадзянскай супольнасьці, праігнараваўшы наяўныя праблемы. Сваёй чаргой, альтэрнатыўны даклад, падрыхтаваны спэцыялістамі Асамблеі НДА, Беларускага Хэльсынскага камітэту, Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, Правабарончым цэнтрам “Вясна”, Беларускай асацыяцыяй журналістаў, адлюстроўваў аб’ектыўны стан з правамі чалавека ў Беларусі: наяўнасьць артыкула 193.1 КК, сьмяротнага пакараньня, дыскрымінацыйнай працэдуры рэгістрацыі СМІ і г.д.
На падставе прадстаўленых справаздачаў дзяржавы-сябры Рады па правах чалавека ААН распрацавалі пакет рэкамэндацыяў і прапановаў, адрасаваных беларускаму боку. У адказ МЗС адправіла ў ААН дакумэнт пад назвай “Меркаваньні і адказы Рэспублікі Беларусь па высновах і/альбо рэкамэндацыях, прынятых для далейшага разгляду кампэтэнтнымі дзяржаўнымі органамі ў рамках УПА 14 траўня 2010 года”. З гэтага дакумэнта вынікае, што ўлады ўхіліліся ад вырашэньня прынцыповых пытаньняў, працягваючы заяўляць пра адсутнасьць сур’ёзных праблемаў з правамі чалавека. Так, напрыклад, у “Меркаваньнях...” адзначаецца: “Беларусь не прымае рэкамэндацыю адносна скасаваньня артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса. Дадзены артыкул скіраваны на спыненьне дзейнасьці ў Беларусі экстрэмісцкіх групаў і арганізацыяў...”.
Юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў лічыць, што МЗС агучыў сапраўдную пазыцыю беларускага боку. “Прадстаўнікі МЗС ня могуць абяцаць таго, што ня робіцца дэ-факта уладай, нягледзячы на тое, што дыпляматы закліканыя абяляць рэжым на міжнароднай арэне. На дадзены момант гучаць абяцанкі перагледзіць артыкул 193.1 ад Палаты прадстаўнікоў і часам ад Адміністрацыі прэзыдэнта. Аднак МЗС абяцанкі не раздае. Калі б запэўніваньні аб скасаваньні артыкула 193.1 прагучалі на міжнародным узроўні, то гэта б наклала на ўлады больш сур’ёзныя юрыдычныя абавязальніцтвы”, -- распавёў прадстаўнік Асамблеі НДА.