Гомель: Мільённы штраф за нацыянальны сцяг
Сёння, 20 верасня, суддзя суду Цэнтральнага раёна Гомеля Марына Дамненка прызнала актывіста «Маладой Беларусі» Івана Зайцава вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Па сукупнасці артыкулаў актывіст атрымаў адміністратыўны штраф у памеры 50 базавых велічынь – 1 мільён 750 тысяч рублёў.
Нагадаем, актывіста затрымалі і даставілі ў ІЧУ ў суботу, 11 верасня, падчас святкавання Дня Гомеля, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. У панядзелак, 13 верасня, суддзя вызваліла актывіста з-пад варты да 20 верасня з-за неабходнасці апытаць сведкаў з боку супрацоўнікаў міліцыі.
Сам Іван Зайцаў у судзе віну не прызнаў, растлумачыўшы, што калі падчас святкавання Дня Гомеля ён падняў над галавой бел-чырвона-белы сцяг, да яго тут жа кінуліся трое невядомых у цывільным, павалілі на зямлю, пры гэтым наносілі ўдары каленамі ў жывот Ён сапраўды супраціўляўся, аднак не мог ведаць, што злачынцы - супрацоўнікі міліцыі.
Аналагічныя паказанні суду далі сведкі з боку актывіста Алег Шкрабаў і Павел Ціханенка. Са слоў сяброў актывіста, яны разам прыбылі на свята горада і асабіста бачылі, як супрацоўнікі міліцыі вырывалі нацыянальны сцяг з рук І.Зайцава.
Прысутныя ў судзе супрацоўнікі міліцыі спецыяльнага прызначэння Аляксей Ляуноў і Сяргей Алейнік прадставілі суду іншую карціну. Па іх словах, Іван Зайцаў гучна лаяўся матам, а калі яны зрабілі яму заўвагу, той адказаў у грубай форме. Актывіст аказаў супраціў і пры дастаўленні яго ў пастарунак для складання адміністратыўнага пратаколу. Супрацоўнікі міліцыі ніякага сцягу ў руках актывіста не бачылі, таму няма і пратаколу яго канфіскацыі.
Праваабаронца Леанід Судаленка, які назіраў за ходам адміністратыўнай справы ў судзе, адзначае, што суддзя пры вынясенні пастановы не дала ніякай ацэнкі таму факту, што з моманту затрымання актывіст ужо адбыў у ІЧУ каля двух сутак арышту. Акрамя таго, суддзя паклала ў аснову абвінавачвання актывіста сведкавыя паказанні двух супрацоўнікаў міліцыі, у той час як сведчанні яго двух сяброў суддзя падвергла сумневу.
Па сукупнасці пералічаных фактаў праваабаронцы маюць намер аказаць дапамогу актывісту ў падрыхтоўцы скаргі ў абласны суд.