Баранавічы: Дзяржвыданне ўзяло курс на зніжэнне цікавасці да прэзідэнцкіх выбараў
16 верасня баранавіцкая аб’яднаная раённая газета “Наш край” паведаміла сваім чытачам пра дату правядзення выбараў прэзідэнта – 19 снежня 2010 года. Па ўсім відаць, прэзідэнцкія выбары ў краіне выданне разглядае як шараговую і нецікавую падзею, таму размясціла гэтую інфармацыю на трэцяй старонцы пад назвай “19 снежня – выбары Прэзідэнта”. Артыкул Ірыны Юзвак цалкам перадрукаваны з “Советской Беларуси”.
Затое на першай старонцы “Наш край” размясціў вялікі артыкул Святланы Гіль пад назвай “Гречка с маслом – объеденье, а картошка – просто смак”. У гэтым артыкуле паведамляецца, што ў Расіі вялікія праблемы з грэчкай і бульбай, таму кошт грэчкі ў нас таксама павялічыўся з 3.900 да 5.600 рублёў. Аўтарка “перадавіцы” пры гэтым сцявярджае, што ў сувязі з тым, што ў гэтым годзе Беларусь сабрала вялізны ўраджай бульбы, то такіх праблемаў, як у Расіі, ў нас не будзе.
Верагодна, што падобны падыход дзяржвыдання да інфармавання жыхароў Баранавічаў аб важнейшай палітычнай падзеі ў краіне не выпадковы, і рэгіянальнае СМІ свядома ідзе на зніжэнне цікавасці чытачоў да электаральнай кампаніі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”