viasna on patreon

Тараса Сургана аштрафавалі на 210 тысяч рублёў

2010 2010-09-13T14:01:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/surgan_taras.jpg

Судзьдзя Ўладзіслаў Шыкароў аштрафаваў Тараса Сургана на 210 тысяч рублёў за спазьненьне дахаты, зафіксаванае 3-га верасьня. Актывіст перакананы, што ягонае спазьненьне справакавана знарок: у той дзень ён езьдзіў у Менск, на што меў адмысловы дазвол, і па вяртаньні ў Віцебск зайшоў адзначыцца ў міліцыі. Але ў пастарунку яго пратрымалі пэўны час, і ён спазьніўся дахаты на 17 хвілінаў.

Тарас Сурган кажа, што гэта ўжо трэцяе парушэньне, і што такія захады супраць яго прымаюцца знарок, каб запалохаць магчымасьцю пазбаўленьня волі. Пасьля чацьвёртага парушэньня яму насамрэч могуць прысудзіць год зьняволеньня за парушэньне рэжыму.

Пад прэвэнтыўным наглядам Тарас Сурган знаходзіцца, бо раней быў не аднойчы асуджаны за крадзяжы. Але ён кажа, што з крымінальным мінулым усё скончана, і ўжо некалькі год як ён стаў перакананым апазыцыянэрам.

Апошнія затрыманньні і адміністрацыйныя пакараньні Тараса Сургана зьвязаныя з ягоным удзелам у акцыях зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. І ён не выключае, што па нейкіх надуманых прычынах яго абвінавацяць у чарговым парушэньні рэжыму і зьмесьцяць за краты, каб нацыянальныя сьцягі не луналі над Віцебскам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства