БХД збірае сустрэчу па абароне Касцёла святога Язэпа
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя збірае групу дзеля арганізацыі акцый па абароне Касцёла святога Язэпа.
Нагадаем, БХД ужо двойчы ўдзельнічала ў зборы подпісаў за вяртанне вернікам Касцёла (у 2008 і ў 2010). Сёлета дзесяткі аркушоў з подпісамі былі дасланыя з розных гарадоў Беларусі, аднак плёну гэтая "геаграфічная" падпісная кампанія не дала.
Цяпер актывісты БХД будуць цэнтралізавана збіраць подпісы каля будынкаў менскіх касцёлаў, а таксама падчас пілігрымак. Сабраныя подпісы плануецца перадаць у Адміністрацыю Лукашэнкі, КУП «Мінская спадчына», якое займаецца “рэканструкцыяй” комплексу, у дзяржаўныя ўстановы, Ватыкан і ў замежныя амбасады.
Нагадаем, з 19 сакавіка 2005 года члены мінскай рымска-каталіцкай абшчыны святога Язэпа праводзяць штодзённыя вячэрнія набажэнствы за вяртанне вернікам будынкаў Мінскага кляштара бернардынцаў з касцёлам — помніка архітэктуры барока XVII стагоддзя. Будынак святыні, узведзены на сродкі вернікаў, быў канфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі Расійскай імперыі за ўдзел вернікаў у нацыянальна-вызваленчым паўстанні супраць рускага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Згодна планам Мінгарвыканкама, будынак мусіць быць прыстасаваны пад гасцінічны комплекс і аб’екты гандлёва-бытавога прызначэння.
У 2007 годзе прэзідэнту Лукашэнку быў накіраваны зварот з больш чым 30 тысячамі подпісаў за вяртанне Касцёла вернікам, аднак з пачатку 2010 года вядуцца работы па пераабсталяванні касцёла ў гатэль.
“Калі не прадпрыняць рашучых захадаў, мы страцім Касцёл святога Язэпа”, - адзначае лідэр БХД Павал Севярынец.
БХД запрашае ўсіх зацікаўленых прыйсці на сустрэчу групы абароны Касцёла святога Язэпа, якая адбудзецца ў сераду 18 жніўня ў офісе БХД, пачатак у 19.00. Тэлефон для кантакту: 8029 516 08 61 (Павал).