viasna on patreon

Набыло моц рашэньне суду аб спагнаньні з царквы «Новае жыцьцё» 249 мільёнаў

2010 2010-08-16T14:05:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gaspadarchy_sud.jpg

14 жніўня набыло законную моц рашэньне Гаспадарчага суда Менску пра спагнаньне зь менскай царквы «Новае жыцьцё» 249 млн. рублёў у якасьці кампэнсацыі за нанясеньне шкоды навакольнаму асяродзьдзю.

29 ліпеня Гаспадарчы суд сталіцы прызнаў царкву «Новае жыцьцё» Рэлігійнага аб’яднаньня абшчын хрысьціян поўнага Эвангельля ў Рэспубліцы Беларусь вінаватай ў нанясеньні шкоды навакольнаму асяродзьдзю — забруджаньні тэрыторыі царквы нафтапрадуктамі. Акрамя 249 млн. «Новае жыцьцё» абавязана выплаціць 8 млн. рублёў дзяржмыта, якую заплаціў за зварот у суд Менскі гарадзкі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

Камэнтуючы БелаПАН рашэньне суду адразу пасьля яго абвяшчэньня, юрыст царквы Сяргей Луканін заявіў, што прадстаўнікі «Новага жыцьця» не прызнаюць сябе вінаватымі, паколькі пробы зямлі на праверку забруджаньня адбіраліся супрацоўнікамі гарадзкога экалягічнага ведамства без запрашэньня зацікаўленых асоб. «Мы ня можам быць упэўненыя ў тым, што гэта пробы зямлі каля царквы, і ў тым, што ў іх перавышана норма забруджаньня», — падкрэсьліў юрыст.

Ён таксама заўважыў, што раней тэрыторыя вакол царквы выкарыстоўвалася саўгасам імя Калініна для сельгасвытворчасьці, а затым на ёй разьмяшчалася несанкцыянаваная звалка прамысловых адходаў, у тым ліку старых аўтамабіляў.

Луканін заяўляў, што царква мае намер абскардзіць рашэньне Гаспадарчага суда ў апэляцыйнай інстанцыі.

Аднак 8 жніўня ў выніку галасаваньня вернікаў было вырашана вэрдыкт суду не аспрэчваць.

Адкрытае галасаваньне адбылося пасьля выступленьня юрыста Луканіна, які растлумачыў, што закон дазваляе абскардзіць рашэньне Гаспадарчага суду Менску ў трох вышэйстаячых інстанцыях — апэляцыйнай, касацыйнай і нагляднай. З-за велізарнай сумы іску за ўвесь працэс абскарджаньня прыйшлося б заплаціць прыкладна 17 млн. рублёў дзяржмыта.

Зь іншага боку, адзначыў Луканін, набыцьцё рашэньня суду законнай моцы робіць магчымым пачатак крымінальнай справы за «пашкоджаньне земляў», што пагражае пяцьцю гадамі пазбаўленьня волі пастару Вячаславу Ганчарэнку.

Паколькі бюджэт царквы фармуецца выключна з ахвяраваньняў вернікаў, пастар палічыў неабходным паставіць пытаньне на галасаваньне, пасьля якога і было вырашана не аспрэчваць рашэньне Гаспадарчага суду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства