Гародня: працягваецца ціск на Дзмітрыя Бандарчука
У Гародні працягваецца пераслед аднаго з мясцовых лідараў АГП Дзмітрыя Бандарчука, актывіста кампаніі “Гавары праўду”. За апошнія паўгады ён перажыў некалькі ператрусаў і затрыманняў, адміністрацыйных судоў. А ў мінулую суботу ў машыне Дзмітрыя Бандарчука былі прабітыя два колы. Здарылася гэта акурат напярэдадні выезду ў Зэльву, дзе адзначаліся сотыя ўгодкі з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Машына Бандарчука стаяла нават не пад яго домам, а ў суседнім двары, дзе была належна прыпаркаваная. Але невядомымі яна была “вылічана” беспамылкова і пашкоджана відавочна невыпадкова.
Трэба сказаць, што гарадзенскія работнікі “нябачнага фронту” досыць часта апускаюцца да метадаў псавання аўтамабіляў мясцовых грамадска-палітычных актывістаў. Можна прыгадаць, што напярэдадні буйных сталічных і рэгіянальных акцый у розны час былі пашкоджаны аўтамабілі Віктара Сазонава, Сяргея Мальчыка, Сяргея Антусевіча, Аляксандра Мілінкевіча, Алега Калінкова. Не так даўно фарбай была аблітая і машына менскіх актывістаў кампаніі “Гавары праўду”, якія ў Гародні збіралі подпісы за вуліцу імя Васіля Быкава.
Дзмітрый Бандарчук расцэньвае чарговы выпадак як праяву на яго псіхалагічнага ціску з боку ўладных структураў. Па факце наўмыснага прабівання колаў актывіст напісаў адпаведную заяву ў міліцыю. Сумнеўна, аднак, што ахоўнікі правапарадку знойдуць шкоднікаў.