viasna on patreon

Гаспадарчы суд Мінска задаволіў іск у дачыненні да "Руху наперад"

2010 2010-07-30T08:44:43+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gavary.jpg
Гавары праўду

Гавары праўду

Як паведаміла правааабаронца Раіса Міхайлоўская, суд прызнаў дагавор арэнды памяшкання установы "Рух наперад" у ТАА "Ціна Влаці" "нікчэмным", што фактычна дае юрыдычную падставу для ліквідацыі "Руху наперад".

"Першапачаткова гарвыканкам прасіў прызнаць несапраўдным дагавор арэнды, аднак у судзе палажэнні іску змяніліся. Калі б дагавор арэнды быў прызнаны судом несапраўдным, "Рух наперад" пазбавіўся б юрыдычнага адрасу пасля набыцця моцы рашэннем. Сённяшняе рашэнне суда азначае, што з самага пачатку сваёй дзейнасці праца ўстановы была неправамоцнай, бо яна не мела юрыдычнага адрасу і не магла быць зарэгістраваная", — сказала Міхайлоўская.

Сённяшняе рашэнне суда прадстаўнікі "Руху наперад" маюць намер абскардзіць у Вышэйшым гаспадарчым судзе.

Праваабаронца лічыць, што падчас судовага працэсу не захоўваліся нормы Грамадзянскага кодэксу.

Нагадаем, прэтэнзіі гарвыканкама грунтуюцца на тым, што функцыянальнае прызначэнне памяшканняў, якія арандуюцца па праспекце Машэрава, 54-5, — гандлёвае, гэта ўказана ў тэхнічным пашпарце гарадскога агенцтва нерухомасці. Між тым у дагаворы арэнды ёсць спецыяльны дадатак, у якім названае памяшканне акрэсліваецца як адміністрацыйнае.

"Там жа ўказана, што дагавор арэнды бакі заключалі для вядзення адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасці. Гэта значыць, што бакі не парушалі беларускае заканадаўства, калі заключалі гэты дагавор", — падкрэсліла Міхайлоўская. Яна дадала, што функцыянальнае прызначэнне памяшканняў вызначаецца па большай частцы плошчаў уласніка. "Памяшканне, якое арандаваў "Рух наперад", нашмат меншае і заўсёды здавалася як адміністрацыйнае — пад офісы. Дарэчы, у тым жа памяшканні побач з памяшканнем "Руху наперад" арандуе памяшканне банк", — заўважыла праваабаронца.

Нагадаем, 7 ліпеня Гаспадарчы суд Мінска не задаволіў іск Мінгарвыканкама аб пазбаўленні дзяржаўнай рэгістрацыі "Руху наперад".

Гарвыканкам заяўляў, што "Рух наперад" падаў на дзяржаўную рэгістрацыю "заведама несапраўдныя звесткі" — у прыватнасці, не прадпрыняў неабходных дзеянняў па заключэнні дагавора арэнды памяшкання па праспекце Машэрава, 54-5, у дзень рэгістрацыі юрыдычнай асобы, 2 лютага, а зрабіла гэта толькі праз восем дзён.

Аднак суд прыняў рашэнне на карысць "Руху наперад".  "Прайграўшы першы іск, Мінгарвыканкам знайшоў іншую нагоду ліквідаваць арганізацыю", — сказала Міхайлоўская.

БелаПАН

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства