Затрыманні актывістаў за святкаванне Дня незалежнасці Беларусі
Па сітуацыі на 20.55 праваабаронцам стала вядома, што ўсіх затрыманых - Міколу Дземідзенку, Касю Давыдзік, Андрэя Кіма і Вячаслава Сіўчыка - на ноч змесцяць у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Заўтра, 28 ліпеня, іх справы будзе разглядаць суд Савецкага раёну Менску.
Па апошняй інфармацыі праваабаронцаў, на 20.25 затрыманыя чацвёра актывістаў знаходзяцца ў апорным пункце Савецкага раёну Менску, дзе на іх складаюць пратаколы па арт. 17.1 КаАП РБ "Дробнае хуліганства" з абвінавачваннем у нецэнзурнай лаянцы. Супрацоўнікі міліцыі абяцаюць адпусціць затрыманых пасля складання пратаколаў.
***
Акцыя з нагоды 20-годзя прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, якая ладзілася на сталічнай плошчы Якуба Коласа, скончылася затрыманнем актывістаў. Сярод іх – намеснік старшыні “Маладога Фронту” Мікола Дземідзенка, сябра “Моладзі БНФ” Кася Давыдзік, грамадскія актывісты Андрэй Кім і Вячаслаў Сіўчык. Затрыманых супрацоўнікі АМАПу з ужываннем грубай фізічнай сілы запіхалі ў аўтобус, які накіраваўся ў Савецкі РАУС.
Па інфармацыі відавочцаў, акцыя была нешматлюднай (на плошчы сабралася каля 20 чалавек) і праходзіла без аніякіх правакацыяў. Нягледзячы на гэта, з’явіліся амапаўцы і пачалі збіваць актывістаў.
Затрыманні моладзі адбыліся сёння і ў Салігорску, дзе мусіў адбыцца конкурс малюнкаў з нагоды Дня незалежнасці Беларусі, які святкуе сёння дэмакратычная грамадскасць гораду. На дадзены момант праваабаронцам вядома, што ў шэрагу затрыманых – Іван Шыла, Аляксей Валабуеў, Ілля Нагорны і Рыгор Астапеня. Заразў яны знаходзяцца ў міліцэйскім пастарунку.