viasna on patreon

Пракуратура не знайшла падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы супраць міліцыянтаў за збіццё Змітра Пармона

2010 2010-07-27T12:57:42+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/parmon.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывіст “Моладзі БНФ” Зміцер Пармон атрымаў з Пракуратуры Цэнтральнага раёна Менска адказ на сваю заяву з просьбай узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да міліцыянтаў, якія збівалі яго падчас затрымання  27 траўня.

Моладзевы актывіст разам з сваім паплечнікам Франакам Вячоркам былі затрыманыя перад пачаткам велапрабегу ў гонар Максіма Багдановіча. Падчас затрымання іх абодвух збівалі, у выніку чаго Зміцер апынуўся ў 6-ым гарадскім клінічным шпіталі з дыягназам “пералом ключыцы” і яму была зроблена складаная хірургічная аперацыя.

Праверку па выкладзеных Змітром у заяве фактах Пракуратура Цэнтральнага раёна праводзіла даволі працяглы час. У выніку прыйшоў адказ за подпісам следчага А.А.Бачылы, які паведамляе пацярпеламу актывісту, “што пракуратурай Цэнтральнага раёна горада Мінска праведзена праверка па Вашай заяве, па выніках якой 09.07.2010 прынята рашэнне пра адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ... за адсутнасцю ў дзеі складу злачынства”.

Далей у адказе вельмі падрабязна распісваюцца паказанні сведкаў. Усе міліцыянты – Жданаў Н.Г., Градовіч А.С., Лазуцін А.В., Ляшок С.Д., Шарэдаў А.Л., Якімаў А.А, Касперскі Д.Г. - давалі аднолькавыя паказанні, нібыта пад капірку пісалі. І следства “не знаходзіць падставаў сумнявацца ў тлумачэннях гэтых супрацоўнікаў” і расцэньвае цялесныя пашкоджанні ў Зм.Пармона “як атрыманыя ім у выніку яго ж уласнай неасцярожнасці”. 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства