viasna on patreon

БХК акрэслівае стратэгію дзейнасьці

2010 2010-07-23T10:52:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сход прадстаўнікоў правабарончага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” прыняў рэзалюцыю, у якой не толькі канстатуецца далейшае пагаршэньне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, але і ўтрымліваецца шэраг заклікаў да дзяржавы неадкладна прыняць меры для забеспячэння правоў чалавека. Ніжэй падаецца поўны тэкст рэзалюцыі:

 

Мы, дэлегаты Сходу прадстаўнікоў правабарончага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”, абмеркаваўшы пытанні становішча правоў чалавека ў Беларусі, адзначаем, што нягледзечы на дэклараваную ўладамі лібералізацыю:
- парушэнні правоў чалавека ў краіне захоўваюць выразны сістэмны характар, што падрывае асновы канстытуцыйнага вяршынства чалавека, яго правоў і свабодаў;
- працягваецца палітычна матываваны пераслед апанентаў улады, груба абмяжоўваецца свабода мірных сходаў, вядзецца цэнзура СМІ, падвяргаюцца ціску грамадскія і рэлігійныя аб’яднанні;
- кантрактная сістэма працы выкарыстоўваецца для эканамічнага закабалення працоўных і служыць інструментам ідэалагічнага кантролю за грамадствам;
- судовая сістэма не адпавядае прынцыпам свабоднай і справядлівай судавытворчасці.

Пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека стала сур’ёзнай перашкодай да інтэграцыі Беларусі ў Еўропу.

Сход прадстаўнікоў РПГА “БХК” заклікае ўлады Беларусі неадкладна прыняць меры для забеспячэння правоў чалавека, у прыватнасці:
- вызваліць усіх палітычных вязняў;
- адмяніць артыкул 193.1 Крымінальга кодэкса, які супярэчыць Канстытуцыі Беларусі;
- з удзелам шырокай грамадскасці правесці рэформу заканадаўства і практыкі яго прымянення ў сферы правоў чалавека для забеспячэння адпаведнасці яго міжнародным абавязацельствам краіны і выкананне правоў грамадзянаў;
- забяспечыць правядзенне свабодных і справядлівых выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- у супрацы з грамадзянскай супольнасцю актыўна выкарыстоўваць праграму Еўразвяза “Усходняе партнёрства” для набліжэння Беларусі да Еўрапейскіх стандартаў і развіцця Еўраінтэграцыі.

Сход прадстаўнікоў удакладняе, што РПГА “БХК” не ставіць перад сабой палітычных мэтаў і лічыць працягваць сваю статутную дзейнасць па асноўных накірунках:

Прававой абароны:
- працягваць і пашыраць працу грамадскіх прыёмных, развіваць практыку выязных прыёмных у рэгіёнах Беларусі;
- прымаць неабходныя меры для забеспячэння сябраў аб’яднання ад пераследу;
- выкарыстоўваць нацыянальныя і міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека.

Інфармацыйна-аналітычны:
- працягнуць распаўсюд незалежнай інфармацыі пра правы чалавека і правабарончую дзейнасць;
- падвысіць актыўнасць працы інтэрнэт-сайту БХК;
- наладзіць сістэмны аналіз працэсаў і падзеяў, што ўплываюць на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі;
- аднавіць выпуск правабарончага часопісу “Чалавек”.

Маніторынгавы:
- падрыхтоўка аналітычных дакладаў пра сітуацыю з правамі чалавека і яе дынаміку, звароты аб гэтым да ўладаў, судоў і пракуратуры;
- правядзенне маніторынгу выбараў у органы ўлады, а таксама іншых тэматычных маніторынгаў па асобных напрамках правоў чалавека, і прадстаўленне іх у зацікаўленыя нацыянальныя і міжнародныя органы і арганізацыі;
- правядзенне маніторынгу працы мясцовых органаў улады ў кантэксце павышэння празрыстасці і далучэння структураў грамадзянскай супольнасці да працэсу прыняцця рашэнняў.

Адукацыйны:
- працягнуць навучанне сябраў БХК у правабарончым і арганізацыйным накірунках;
- пашырыць адукацыйныя праграмы для забеспячэння высокай кваліфікацыі правабаронцаў;
- арганізоўваць вывучэнне правоў чалавека і механізмаў іх абароны для моладзі і розных прафесійных групаў, шукаць магчымасць для арганізацыі навучання гэтым праблемам супрацоўнікаў дзяржаўных органаў;
- прапагандаваць ідэі правоў чалавека і правабарончай дзейнасці, для чаго працягваць выданне папулярнай бібліятэкі правоў чалавека, шырэй выкарыстоўваць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.

Арганізацыйны:
- пашырыць інфармаванне пра дзейнасць правабарончага аб’яднання: выдаваць прэс-рэлізы і буклеты, ладзіць круглыя сталы, прэс-канферэнцыі і іншыя публічныя мерапрыемствы на мясцовым, нацыянальным і міжнародным узроўнях;
- умацоўваць супрацоўнітва з дэмакратычнымі НДА і прафсаюзамі, працягваць партнёрскія сувязі з іншымі правабаронцамі;
- умацаваць працу РПГА “БХК” на рэгіянальным узроўні.

Мінск, 4 чэрвеня 2010 года

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства