viasna on patreon

Камерунскі футбаліст: Пасля 40 дзён на Акрэсціна я хацеў сябе забіць

2010 2010-07-23T09:39:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tukam.jpg

Гі Франсуа Тукам у інтэрв’ю Еўрарадыё распавёў пра ўмовы зняволення ў мінскім ізалятары, пра пабоі, турэмную ежу, расісцкія жарты сакамернікаў, а таксама адзначыў, што за паўтара месяца "адпачынку" на Акрэсціна яму давялося заплаціць 250 долараў.

28-гадовы Гі Франсуа Тукам (Guy François Toukam)— камерунскі варатар, які жыве ў Еўропе і мае від на жыхарства ў Іспаніі. 1 чэрвеня ён прыляцеў у Мінск, каб згуляць за нарвежскі футзальны клуб IOF, на гульню Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў па футзале. Аднак у аэрапорце яго затрымалі з-за падазрэння ў падробцы пашпарту.

44 дні прайшлі, пакуль беларускія службы пераканаліся: і камерунскі пашпарт, і іспанскі від на жыхарства Гі Франсуа Тукама — сапраўдныя. Увесь гэты час камерунец правёў у прыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна.

Тыдзень таму ён, схуднелы, падрапаны ад беларускіх нараў, прыляцеў дахаты ў Іспанію. Там яго сустрэла каханая Інмакулада Гансалес, якая ўвесь час змагалася за правы свайго жаніха. Еўрарадыё датэлефанавалася ім дахаты.

Еўрарадыё:

Віншуем з заканчэннем непрыемнай гісторыі і вяртаннем дадому! Як пачуваецеся і ці здолелі вы ўзнавіць сваё здароўе за тыдзень, што прайшоў са дня вызвалення

Гі Франсуа Тукам:

Паціху ўзнаўляюся. Сёння адчуваю сябе добра, бо знаходжуся ў краіне, якая паважае правы чалавека. Тут усё спакойна, без праблем.
Як пачыналася гісторыя з затрыманнем?
Я грамадзянін Камеруна, але жыву ў Іспаніі, маю тут від на жыхарства. Ехаў з сябрамі з Нарвегіі гуляць у Мінску ў футбол. Жанчына-пашпартыстка ў аэрапорце паглядзела на маё фота ў пашпарце і кажа: гэта не твой здымак, твайго брата. Я паказаў сваё пасведчанне аб іспанскім відзе на жыхарства. Кажу: калі я маю еўрапейскае пасведчанне, як я мог узяць пашпарт брата, каб прыляцець сюды?
Пачаліся разбіральніцтвы, кажуць: падымаемся наверх! Пасля сказалі, быццам дакументы несапраўдныя. Я спрабаваў растлумачыць па-англійску, але мяне не разумелі. Ці рабілі выгляд, што не разумелі. Можа, хацелі грошы ад мяне.
Ці адбыўся суд? Ці прадставілі вам перакладчыка, адваката?
Ніякага суду не было! Адна жанчына задала мне пару пытанняў па-англійску на чацвёрты дзень утрымання ў аэрапорце. Тады адразу яны павялі мяне ў машыну і павезлі туды, дзе я і правёў увесь гэты час. Я кажу: дайце мне адваката, я хачу бачыць сваю справу! Мне адказалі: ніякага адваката няма, заткніся і пайшлі!
Тады праз пару тыдняў зняволення мяне праз перакладчыка спыталі, ці маю я грошы, каб аплаціць сваё зняволенне. Кажуць, ты павінен 250 долараў. Сказалі: тэлефануй сваёй дзяўчыне, кажы, каб пераслала. У выніку яна пераслала гэтыя грошы і грошы за білет на самалёт, іх заплаціў консул Іспаніі.
Раскажыце пра ўмовы зняволення на Акрэсціна.
Да люlзей там абсалютна ніякай павагі. Замежнікі не маюць ніякіх правоў. Нават злачынцы маюць права прымаць душ, званіць. Душ можна толькі раз на тыдзень і толькі калі просіш-патрабуеш. Я 44 дні правёў без прагулак. У мяне забралі ўсе асабістыя рэчы. Ложкаў няма, спяць на драўлянай лаве.
Замежнікі сядзяць там не асобна, а разам з бамжамі і звар'яцелымі, усе разам. Сярод зняволеных ёсць відавочна хворыя людзі. Некаторыя людзі так праводзяць у зняволенні па 7-8 месяцаў, і калі іх адпускаюць на вуліцу, яны проста не могуць хадзіць!
Чым вас кармілі ў турме і колькі разоў?
Ежа, якую там даюць, зусім не прыгодная для людзей. Тое, што завецца супам, — гэта проста салёная вада з чымсьці, я не ведаю, як называецца. Кідаюць лыжку ў талерку — і ўсё! Даюць яшчэ скібу белага хлеба. Я каля 40 дзён піў толькі гарбату і еў скрынку белага хлеба. Ваду даюць не пітную, маецца толькі вадаправодная вада дрэннай якасці. За час зняволення я згубіў амаль 20 кілаграмаў [ранейшыя паведамленні СМІ аб згубленых 40 кіло з'явіліся ад непаразумення, адзначылі Франсуа Тукам і Інмакулада Гонсалес — заўвага Еўрарадыё] 

Ці дазвалялі званіць дамоў, атрымліваць лісты ад блізкіх?
Не. Беларускія праваабаронцы неяк перадалі мне пакунак з некаторымі рэчамі (мыла, кніга...), але ліст ад дзяўчыны не прапусцілі. Толькі калі я выйшаў на волю, сядаючы ў самалёт, то прачытаў яго.
Як да вас ставіліся наглядчыкі?
Вельмі часта пагражалі! На 37-ы дзень знвяолення я адмовіўся ад ежы і пітва, праз пару дзён запатрабаваў доктара. Тады два наглядчыкі мяне пабілі па ўсім целе. Я спрабаваў у іх запытацца, за што мяне трымаюць у такіх умовах.
Я хацеў сказаць ім: глядзіце, я ж не злачынца, нікога не забіў, не абрабаваў, не прадаваў наркотыкі, не прыехаў сюды жыць! Я замежнік, да мяне трэба нармальна ставіцца, размясціць у цэнтры для імігрантаў. Яны сказалі: ідзі ....!
Яны не зразумелі, што я ім хацеў сказаць, пачалі сварыцца. Сказалі не выпінацца, а то справа зменіцца ў яшчэ горшы бок.
Хто з вамі сядзеў у камеры і якія ў вас былі адносіны?
Нас было дзевяць чалавек — з Украіны, Расіі. Кожны дзень расісцкія штучкі, увесь час пагражалі мне. Мне пашанцавала, што быў яшчэ хлопец з Малдовы, які размаўляў па-англійску. Ён дапамагаў мне размаўляць з наглядчыкамі. А калі ён выйшаў, то не размаўляў з імі зусім — яны замежныя мовы не разумеюць. Паказваў жэстамі.

Правёўшы амаль паўтара месяца ў ізаляцыі ў чужой краіне, без прававой дапамогі, асабістых рэчаў і камунікацыі з сябрамі — пра што думалася?
Я ўжо пачаў думаць, што маё жыццё скончылася. Пасля 40 дзён зняволення з'явіліся думкі забіць сябе.
Ці паедзеце ў Беларусь яшчэ раз, скажам, на футбольную гульню?
Не, ні ў Беларусь, ні ў Расію, ні ва Ўкраіну. Пры ўсёй павазе да краіны, але маючы такі дрэнны досвед... Перадаю вялікую падзяку беларускім праваабаронцам, што дапамагалі мне, даставілі мне мыла, ваду, кнігу, некаторыя іншыя рэчы! Заклікаю іх не спыняцца, змагацца далей! Бо там ёсць людзі, якія літаральна паміраюць! Пасля правядзення паўгода ў такім зняволенні, яны ледзь могуць хадзіць: губляецца сіла, зрок...

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства