А суддзі хто? Таксама “бульбашы”!
Больш за год віцебскі праваабаронца Валерый Місьнікаў, разам з актывістам Сяргеем Каваленка, намагаюцца ад заводу вінаградных вінаў “Дыяніс” (СТАА ЗВВ “Дыяніс”) спыненьня вытворчасьці і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі спіртных напояў пад гандлёвым знакам “БУЛЬБАШЪ”. Валерый лічыць, што прадукцыя з такой назвай утрымлівае зневажальна-абразлівую мянушку беларусаў і нясе ў сабе знявагу нацыянальнага гонару, беларускай культуры, адценьне непаўнавартаснасьці беларусаў.
Першапачатковы ўладальнік таварнага знака СТАА ЗВВ “Дыяніс” катэгарычна адмовіўся зьмяніць таварны знак “БУЛЬБАШЪ” спасылаючыся на тое, што пасведчаньне за № 25281 на гэты знак выдадзенае ў чэрвені 2007 года Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь праз Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасьці. Такім чынам, гарэлка “БУЛЬБАШЪ” стала атручваць сьвядмасьць многіх беларусаў, якія, у адрозненьне ад “інтэлектуалаў” з Нацыянальнага цэнтру, бачаць у гэтым слове элемент прыніжэньня і абразы для ўсёй нацыі. Скажу болей: было праведзена некалькі экспертыз, як з боку дзяржаўнага эксперта, так і з боку ТБМ. Калі кандыдат філалагічных навук Аксана Шчарбакова, якая часта выступае ў ролі эксперта на судовых працэсах, прыйшла да высновы, што “слово бульбаш в современном русском языке имеет значения: 1. Представитель коренного населения Белоруссии (!). 2. Гражданин Республики Беларусь. Слово бульбаш негативной окраски вне связи с контекстом высказывания не имеет”. А вось экспертнае заключэньне (“Філалагічныя развагі наконт гандлёвай маркі БУЛЬБАШЪ”), якую падрыхтаваў грамадскі эксперт ТБМ імя Францішка Скарыны, к.ф.н., Пётр Садоўскі, утрымлівае палярныя высновы і пры гэтым указвае на памылковыя падыходы Аксаны Шчарбаковай.
Новыя цікавыя абставіны з “Бульбашем” высветліліся і з іншага боку. Так, паводле дамовы саступкі таварнага знака ў 12 траўня 2008 года СТАА ЗВВ “Дыяніс” за 2000 даляраў ЗША саступіў “БУЛЬБАША” латвійскай кампаніі ТАА “Бульбаш” (г. Рыга). А праз два гады, 6 траўня 2010 года паміж ТАА “Бульбаш” і СТАА ЗВВ “Дыяніс” была заключаная ліцэнзійная дамова, прадметам якога з'яўляецца права на выкарыстаньне таварнага знаку “БУЛЬБАШЪ” для вызначэньня прадукцыі, якая вырабляецца “Дыянісам” на тэрыторыі Беларусі.
Але і ў другой палове 2008 года, і ў 2009 годзе, і ў пачатку 2010 года, прадукцыя завода “Дыяніс” выраблялася і распаўсюджвалася на тэрыторыі краіны. Няўжо, амаль два гады таварны знак “БУЛЬБАШЪ” выкарыстоўваўся ў Беларусі незаконна? Дык чаму тады маўчыць латвійская кампанія “Бульбаш”, якая дазваляла выкарыстоўваць сваю інтэлектуальную ўласнасьць без камерцыйнай выгады. Відаць, была тут іншая дамоўленасьць.
Але вернемся да Місьнікава, які разам з Каваленкам неаднаразова звярталіся ў розныя інстанцыіі, у пракуратуру і суд. Пасля некалькіх адмоваў ва ўзбуджэньні вытворчасьці па грамадзянскай справе “В. Міснікаў супраць таварнага знаку “БУЛЬБАШЪ”, судовая калегія па справах інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь усё ж вырашыла паставіць кропку ў гэтай справе. І 5 ліпеня 2010 года, без Місьнікава і ягоных сьведак, якія, між іншым, знаходзіліся ў будынку Вярхоўнага Суда, суддзі Дулуб, Картуз і Казарэзава прынялі рашэньне: “Місьнікаву Валерыю Аркадзьевічу ў пазове да СТАА ЗВВ “Дыяніс” аб прызнаньні таварнага знака “БУЛЬБАШЪ” (пасведчаньне № 25281) супярэчлівым публічнаму парадку, прынцыпам гуманнасьці і маралі; аб ускладаньні абавязкаў па ліквідацыі недахопаў тавару шляхам змены таварнага знаку; аб спыненьні распаўсюджваньня прадукцыі з таварным знакам; аб спагнаньні грашовай кампенсацыі маральнай шкоды - адмовіць.
Рашэньне ўступае ў законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэньня, абскарджваньню і апратэставаньню ў касацыйным парадку не падлягае”.
З пункту гледжаньня судовай калегіі, калі таварны знак зарэгістраваны ў Дзяржаўным рэестры таварных знакаў і знакаў абслугоўваньня - значыць яго выкарыстоўваць можна.
Цяпер беларусы атрымалі магчымасьць узаконенага ў судовым парадку карыстаньня зневажальнай мянушкай “бульбаш”.
Чытайце таксама: “Бульбаш – грамадзянін Рэспублікі Беларусь?”