Затрыманні ў Брэсце
На Брэсцкім чыгуначным вакзале 19 ліпеня ў 21 гадзіну 40 хвілін па выхадзе з вагона цягніка Мінск-Брэст былі затрыманы супрацоўнікамі лінейнага аддзела міліцыі намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Віктар Чайкоўскі і старшыня абласнога Свабоднага прафсаюза Беларускага Валянцін Лазарэнкаў.
Яны прыехалі з канферэнцыі, прысвечанай абмеркаванню закона аб малым і сярэднім бізнэсе, які быў прыняты Палатай прадстаўнікоў РБ. Затрыманы па падазрэнні перавозкі антыдзяржаўнай літаратуры.
Па словах Віктара Чайкоўскага, затрыманне адбылося ў стылі дэтэктыўнага жанра.
- З двух бакоў састаў цягніка быў ачэплены. Нас чакала міліцыя па заданні, мяркуем, што КДБ. Затрымліваў непасрэдна капітан Ігар Тарасюк. У канцы затрымання начальнік аддзела чыгуначнай міліцыі Міхаіл Катовіч некаму па тэлефоеу паведаміў: “Пракол”.
Беларуская лібералізацыя – гэта татальны кантроль над грамадствам. Вось куды выкідваюцца вялізныя грошы падаткаплацельшчыкаў.
Валянцін Лазарэнкаў лічыць, што прыналежнасць да апазіцыі не дае падставаў для сталага прэсінгу з боку спецслужбаў, якія заграбаюць жар рукамі міліцыі.
- Мы сёння апазіцыйныя, бо не падзяляем кропкі погляду на развіццё эканамічных, сацыяльных, палітычных праблематык у Беларусі. Але гэта не дае падставаў цягнуць нас адразу ў пастарункі або абшукваць дзень і ноч, як гэта робіцца - то на ад’ездзе, то па прыездзе пад самымі рознымі падставамі. Але калі мы ўжо пад падазрэннем, то няхай бы намі займаліся спецслужбы непасрэдна, каб мы бачылі, хто ёсць хто. А то ўвесь час падстаўляюць міліцыю, якая павінна займацца крыміналам, а не палітычным зыскам.
Па факце затрымання актывістаў быў складзены пратакол. Нічога крамольнага не знайшоўшы, супрацоўнікі міліцыі прабачыліся. Затрыманне доўжылася каля гадзіны.
Чайкоўскі і Лазарэнкаў намераны абскарджваць дзеянні міліцы ў вышэйстаячых інстанцыях.