Слухайце штотыднёвую праваабарончую праграму “Людзьмі звацца!” на хвалях Радыё Рацыі
Кожны аўторак у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Праграма складаецца з чатырох паасобных рубрык: “Хроніка пераследу”, “Падзея тыдня”, “Інтэрв’ю са змагаром за дэмакратычныя каштоўнасці” і “Захаваем жыццё”.
Час выхаду праграмы ў эфір – 15-05. Таксама ў гэты час яе можна слухаць праз інтэрнэт: http://www.racyja.com/pages/listen.html
Сёння, 20 ліпеня, у чарговым выпуску праграмы “Людзьмі звацца!” слухачоў чакаюць агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека, у якой прадстаўлены найбольш гучныя факты пераследу за мінулы тыдзень.
Тэмай рубрыкі “Падзея тыдня” стала праблема выкарыстання ўладамі дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса з мэтай падаўлення грамадскай актыўнасці. Менская абласная пракуратура на мінулым тыдні прад’явіла актывісту з Клецка Сяргею Панамарову абвінавачанне ў абразе прадстаўнікоў улады.
Беларусы дагэтуль вельмі неадназначна ставяцца да сэксуальных меншасцяў. Між тым праблема гэта існуе ў той ці іншай ступені ў любым грамадстве. У некаторых краінах дазволены аднаполыя шлюбы, праводзяцца гей-фестывалі, а ў іншых, у ліку якіх і наша рэспубліка, прадстўнікі сэксменшасцяў вымушаны напаўпадпольна сустракацца, каб абмеркаваць свае праблемы. Герой сённяшняй гутаркі - кіраўнік праекту “ГейБеларусь” Сяргей Андросенка. Ён тлумачыць, чаму ў назве праекту стаіць слова “праваабарончы”, і дзеліцца сваімі меркаваннямі наконт будучыні ЛГБТ-супольнасці на Беларусі.
У рубрыцы “Захаваем жыццё” прадстаўлена найбольш актуальная інфармацыя па праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі.
У музычных паўзах – гурт IQ 48.
Радыё Рацыя – першае незалежнае інфармацыйна-забаўляльнае FM-радыё ў Польшчы на беларускай мове. Галоўнай мэтай Беларускага Радыё Рацыя з’яўляецца стварэнне грамадзянам Беларусі доступу да незалежнай інфармацыі аб падзеях і развіцці сітуацыі ў Беларусі, Польшчы, Еўропе ды свеце.