Прызначана дата разгляду касацыйнай скаргі Яўгена Якавенкі
23 ліпеня Гомельскі абласны суд будзе разглядаць касацыйную скаргу на прысуд Яўгену Якавенку, вынесены судом Цэнтральнага раёна Гомеля. Пачатак судовага паседжання – 9.30 раніцы.
4 чэрвеня суд пакараў актывіста БХД годам абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу за нібыта ўхіленне ад прызыву на вайсковую службу.
Беларускія праваабаронцы кваліфікуюць прысуд Яўгену Якавенку як палітычна матываваны. Юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч паведаміў пра гэта 15 чэрвеня на круглым стале ў падтрымку асуджанага.
«Мы прыйшлі да высновы, што Якавенка асуджаны з-за сваіх перакананняў. Ён неаднаразова пісьмова звяртаўся ў ваенкамат, з тым каб яму далі магчымасць праходжання альтэрнатыўнай службы па пацыфісцкіх перакананнях. Суд Цэнтральнага раёна Гомеля, дзе праходзіў працэс, прысвяціў высвятленню яго пацыфісцкіх перакананняў амаль цэлы дзень. Аднак, калі паглядзець на прысуд, ніякай ацэнкі гэтым перакананням суд не даў. Ды і пра альтэрнатыўную службу ў прысудзе сказана толькі мімаходзь», - цытуе праваабаронцу ags.by.
Паводле В.Стэфановіча, з пункту гледжання міжнародных стандартаў чалавек мае права патрабаваць праходжання альтэрнатыўнай службы па перакананнях сумлення. «Перакананні сумлення могуць быць самыя розныя - яны могуць быць не толькі рэлігійнымі, але і пацыфісцкімі, гуманітарнымі, гуманістычнымі. І гэтыя перакананні могуць не дазваляць чалавеку нават гіпатэтычна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы да вайны або баявых дзеянняў, гэта значыць - да забойства сабе падобных ", - адзначыў праваабаронца.
Ён заявіў, што беларуская Канстытуцыя прадугледжвае магчымасць праходжання альтэрнатыўнай службы, таму ў Яўгена Якавенкі былі ўсе падставы яе патрабаваць.