Улады Кубы пагадзіліся вызваліць 52 палітвязняў
Кубінскія ўлады пагадзіліся выпусціць на свабоду 52 палітвязняў, паведамляе AFP ў сераду, 7 ліпеня. Гэта першы выпадак вызвалення такой вялікай групы палітвязьняў з моманту прыходу да ўлады на Кубе Рауля Кастра ў 2008 годзе, адзначае агенцтва.
Рашэнне аб вызваленні зняволеных было прынятае па выніках перамоваў паміж уладамі Кубы і Рымска-каталіцкай царквы, пачатых у сярэдзіне траўня. На заключным этапе перамоваў таксама прымаў удзел кіраўнік МЗС Гішпаніі Мігель Анхель Марацінас.
Пяцёра зняволеных выйдуць на волю ў бліжэйшыя дні, астатнія 47 чалавек будуць вызваленыя на працягу трох-чатырох месяцаў, паведамілі прадстаўнікі Рымскай-каталіцкай царквы.
52 чалавекі, якіх кубінскія ўлады пагадзіліся выпусціць на свабоду, уваходзяць у групу з 75 дысідэнтаў, арыштаваных у 2006 годзе і прысуджаных да зняволення на тэрмін ад 6 да 28 гадоў.
Імёны людзей якім трэба будзе выйсці на свабоду, пакуль не ўдакладняюцца. Невядома, ці ёсць сярод іх Гільерма Фарыньяс - дысыдэнт, які праводзіць з лютага 2010 г галадоўку, патрабуючы выпусціць з турмаў палітвязняў, якія пакутуюць цяжкімі захворваннямі. Першапачаткова Фарыньяс настойваў на вызваленьні 25 палітвязняў, аднак у пачатку ліпеня абвясціў, што будзе лічыць, што галадоўка дасягнула мэты, калі на волю выйдуць 12 чалавек. Сам Фарыньяс пасля працяглай галадоўкі знаходзіцца ў цяжкім стане, урачы асцерагаюцца за ягонае жыццё.
Па дадзеных праваабарончых арганізацый на пачатак 2010 году, у кубінскіх турмах знаходзіліся 167 палітвязняў, паведамляе Lenta.ru.
У гэтым годзе праваабарончы цэнтр “Вясна” неаднаразова выказваў занепакоенасць жорскімі ўмовамі ўтрымання палітзняволеных на Кубе. Праваабаронцы таксама ініцыявалі акцыю "Дашлі ліст у падтрымку палітвязняў у Амбасаду Кубы".