Ці перагледзяць барысаўскія чыноўнікі рашэньне пра месцы правядзеньня масавых мерапрыемстваў?
Дэмакратычны актывіст з г.Барысава Алесь Абрамовіч, прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасьці за парушэньне парадку арганізацыі й правядзеньня масавага мерапрыемства, абскардзіў рашэньне суда Барысаўскага раёну ў Менскі абласны суд.
Нагадаем, што Алесь Абрамовіч быў пакараны Барысаўскім судом штрафам у 25 базавых велічынь у адпаведнасьці з ч.2 арт.23.34 КаАП РБ. Актывіст мае цьвёрды намер у выпадку адмаўленьня ў задавальненьні скаргі давесьці сваю справу да Камітэту па правах чалавека ААН.
Барысаўскія праваабаронцы Марына Статкевіч і Алег Мацкевіч накіравалі паўторны зварот у Менскі абласны выканаўчы камітэт. Яны абскарджваюць рашэньне Барысаўскага райвыканкаму, датычнае вызначэньня месца правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Сваю першую скаргу з гэтай нагоды яны накіроўвалі ў аблвыканкам 18 траўня 2010 г., але яна засталася без адказу.
Адначасова правабаронцы накіравалі скаргу ў пракуратуру Менскай вобласьці - на парушэньні з боку чыноўнікаў аблвыканкаму Закону "Аб зваротах грамадзянаў".
Праваабаронцы спадзяюцца, што на гэты раз іх зварот не застанецца незаўважаным.