viasna on patreon

Сумесная заява Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончага цэнтру "Вясна"

2010 2010-05-31T10:46:36+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/logo-fidh-viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Менск-Парыж, 27 траўня 2010 г.

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і яе сяброўская арганізацыя ў Беларусі Праваабарончы цэнтр "Вясна" выказваюць глыбокую занепакоенасць з нагоды хвалі новых рэпрэсіўных дзеянняў (ператрусаў, допытаў і арыштаў) у дачыненні да актывістаў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, незалежных журналістаў і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, а таксама ў сувязі з агульным пагаршэннем стану правоў чалавека ў краіне.

«Выклікае нарастаючую занепакоенасць новая хваля абмежавання асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў, што назіраецца ў Беларусі ў апошнія месяцы: парушэнні права свабоднага атрымання і распаўсюду інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, свабоды выказвання ўласнага меркавання, - заявіла Суэр Белхасен, Прэзідэнт FIDH. - Мы баімся, што ўсё гэта - толькі частка нарастаючага і мэтанакіраванага ціску напярэдадні важнай палітычнай кампаніі - падрыхтоўкі прэзідэнцкіх выбараў».

Асаблівую занепакоенасць выклікае факт, што Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы і постсавецкай прасторы, якая да гэтага часу не толькі практыкуе смяротныя прысуды, але і прыводзіць іх у выкананне, нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасці. «Факт выканання смяротных прысудаў у дачыненні да Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука ў сакавіку 2010 года, нягледзячы на тое, што Камітэтам па правах чалавека ААН былі накіраваныя запыты аб часовых мерах абароны, і вынясення 14 траўня 2010 года двух смяротных прысудаў адносна Алега Грышкаўцова і Андрэя Бурдыкі сведчыць пра нежаданне Беларусі кіравацца фундаментальнымі прынцыпамі правоў чалавека», - падкрэсліў Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH і Прэзідэнт ПЦ "Вясна".

Праваабаронцы, якія ўсе апошнія гады працуюць ва ўмовах, спалучаных з вялікай рызыкай, апошні час сутыкнуліся з дадатковымі цяжкасцямі. Шэраг ператрусаў прайшоў у рэгіянальных офісах праваабаронцаў. Так, 30 красавіка 2010 г. прайшоў ператрус з канфіскацыяй кампутарнай тэхнікі ў офісе наваполацкага праваабаронцы Зміцера Салаўёва. Міліцыя канфіскавала кампутарнае абсталяванне ў праваабаронцы ў сувязі з тым, што ў горадзе на сценах дамоў з'явіліся неанацысцкія надпісы. Варта адзначыць, што Зм. Салаўёў некалькі разоў беспаспяхова звяртаўся са скаргамі ў міліцыю па фактах напісання неанацысцкіх лозунгаў у горадзе і на сцяне яго офіса. Таксама нагадаем, што Зм. Салаўёў тройчы ў 2007 і 2009 гг. прадастаўляў свой офіс у якасці юрыдычнага адрасу для рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь праваабарончага грамадскага аб'яднання «Наша Вясна», якое беспаспяхова спрабавалі зарэгістраваць сябры ліквідаванага беларускімі ўладамі ў 2003 г. Праваабарончага цэнтру «Вясна». Д. Салаўёў з'яўляўся адным з заснавальнікаў «Нашай Вясны».  

19.05.2010 ператрус прайшоў у офісе яшчэ аднаго з заснавальнікаў праваабарончага грамадскага аб'яднання «Наша Вясна» - у праваабаронцы Валеры Пуціцкага ў г. Рэчыца.  

Акрамя гэтага, шэраг ператрусаў адбыўся на працоўных месцах і ў прыватных жылых памяшканнях у шэрагу журналістаў - у журналіста адной з вядучых незалежных газет "Народная воля" Марыны Коктыш, намесніка галоўнага рэдактара выдання Святланы Калінкінай, а таксама ў вядучага незалежнага журналіста Ірыны Халіп і журналіста сайта Хартыя-97 Наталлі Радзінай. Усе гэтыя журналісты з'яўляюцца сведкамі па крымінальнай справе, узбуджанай па факце паклёпу на генерала КДБ Івана Каржа. Канфіскацыя кампутараў, правядзенне двух экспертыз кампутарнай тэхнікі з зламаннем пароляў асабістай электроннай пошты і перапіскі па скайпу паказваюць на мэтанакіраваны пераслед і ціск на журналістаў вядучых незалежных СМІ напярэдадні важнай палітычнай кампаніі - прэзідэнцкіх выбараў. FIDH і Праваабарончы цэнтр "Вясна" выказваюць занепакоенасць тым, што следства можа змяніць працэсуальны статус журналістаў і распачаць у дачыненні да іх крымінальны пераслед.

18-19 траўня 2010 г. у больш чым 20-ці гарадах Беларусі прайшлі ператрусы на прыватных кватэрах і офісах НДА актывістаў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду". У выніку гэтых дзеянняў былі адвольна затрыманыя некалькі дзесяткаў чалавек. Кіраўнікі кампаніі Уладзімір Някляеў, Сяргей Вазняк і Андрэй Дзмітрыеў правялі трое сутак у ІЧУ г. Менска як падазраваныя ў крымінальнай справе. Лічым, што дадзеная санкцыянаваная ўладамі Беларусі сілавая акцыя накіравана на запалохванне актывістаў кампаніі і асабіста Ул. Някляева як аднаго з магчымых кандыдатаў на будучых выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 3 сакавіка 2010 г. ператрусу і допыту быў падвергнуты лідэр грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, які таксама напярэдадні заявіў аб намеры балатавацца ў якасці кандыдата на будучых прэзідэнцкіх выбарах.

Далей FIDH і ПЦ «Вясна» адзначаюць, што ў краіне да гэтага часу ў месцах пазбаўлення волі знаходзяцца асобы, крымінальны пераслед і асуджэнне якіх мы звязваем з іх палітычнай дзейнасцю. Гэта актывіст апазіцыі Алег Сурган, Кастрычніцкім судом г.Віцебска асуджаны 19.02.2010 на 6 месяцаў арышту па арт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў).  

14.05.2010 г. Кастрычніцкім судом г. Віцебска быў пакараны па артыкулах 339 (наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выражаюць відавочную непавагу да грамадства) і 363 (супраціў супрацоўніку унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак) трыма гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу актывіст Кансэрватыўна-хрысціянскай партыі Сяргей Каваленка за тое, што 7 студзеня 2010 г. вывесіў на галоўнай ёлцы Віцебска беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.

16 траўня 2010 г. быў вынесены і ўступіў у законную сілу прысуд Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь па справе прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі, Міхаіла Казлова і Аляксандра Ларына. Першапачаткова абвінавачаныя ў шэрагу цяжкіх злачынстваў, у тым ліку ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту, М. Аўтуховіч, А. Ларын, У. Асіпенка ў выніку адкрытага разгляду справы ў судзе былі апраўданыя па большасці прад'яўленых абвінавачванняў, аднак асуджаныя за захоўванне зброі і боепрыпасаў, а М . Казлоў за бяздзейнасць службовай асобы. Следства па дадзенай крымінальнай справе, на думку FIDH і ПЦ "Вясна", суправаджалася значнымі парушэннямі працэсуальных гарантый, што відавочна звязана з палітычнай мэтай уладаў.

Да гэтага часу не амніставаныя і вымушаныя знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь з-за пагрозы крымінальнага пераследу асуджаныя на абмежаванне волі за ўдзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту прадпрымальнікаў у студзені 2009 г. Таццяна Цішкевіч, Аляксей Бондар і Міхаіл Крываў. 15.06.2009 г. Максім Дашук паўторна быў прысуджаны да 1 году і 3 месяцаў абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу і да гэтага часу адбывае вынесенае яму пакаранне.

Падчас правядзення выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 26-га склікання ў красавіку 2010 г. Упраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу супраць аднаго з кандыдатаў у дэпутаты, палітычнага актывіста Руху "За свабоду" з г. Масты Алеся Зарэмбюка. А. Зарэмбюк з'яўляецца вядомым маладым палітыкам, які быў дэпутатам Мастоўскага раённага Савета дэпутатаў 2003-2007 г., неаднаразова балатаваўся ў якасці кандыдата ў дэпутаты на мясцовых і парламенцкіх выбарах.

Таксама варта адзначыць, што 01.07.2010 уступае ў сілу падпісаны 01.02.2010 А.Лукашэнкам указ № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнет», які можа сур'ёзна абмежаваць правы беларускіх грамадзян на атрыманне і распаўсюд інфармацыі.

У гэтай сувязі FIDH і ПЦ «Вясна» заклікаюць улады Беларусі:

1. Неадкладна вызваліць усіх асуджаных па палітычных матывах, якія знаходзяцца ў зняволенні альбо адбываюць іншыя віды пакаранняў, якія з'яўляюцца абмежаваннем іх волі. Амніставаць раней асуджаных за ўдзел у мірнай дэманстрацыі і забяспечыць ім магчымасць вярнуцца на радзіму.

2. Спыніць пераслед журналістаў, грамадскіх і палітычных актывістаў і забяспечыць усім грамадзянам краіны права свабоднага ўдзелу ў будучай выбарчай прэзідэнцкай кампаніі.

3. Спыніць пераслед праваабаронцаў.

4. Неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

5. Забяспечыць грамадзянам краіны рэалізацыю імі свабоды мірных сходаў, асацыяцый, свабоды выказвання ўласнага меркавання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства