Андрэй Бастунец: «Выкарыстанне крымінальнага артыкулу пра зман спажыўцоў – нонсенс»
«Гэта проста нонсенс — выкарыстоўваць гэты артыкул як падставу для правядзення ператрусаў, — лічыць намеснік старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец.
Так ён пракаментаваў інфармацыю пра тое, што ператрусы ў шэрагу грамадскіх актывістаў (прынамсі, у некаторых з іх) праводзяцца на падставе крымінальнай справы, заведзенай па ч.1 арт. 250 КК РБ — «Распаўсюд заведама ілжывай інфармацыі, альбо прымяненне рэкламы, што ўводзяць у зман спажыўцоў адносна якасці, колькасці, складу, спосабу вырабу і іншых характарыстык прадукцыі (тавараў, работ, паслуг)».
«Згаданы артыкул Крымінальнага кодэксу накіраваны ў першую чаргу на абарону правоў спажыўцоў. Хацелася б даведацца, пра якую прадукцыю былі распаўсюджаныя „ілжывыя“ звесткі, хто тут „спажыўцы“, і якія ім былі нанесеныя страты… Для ўзбуджэння такой справы трэба як мінімум каб адбывалася нейкая камерцыйная дзейнасць, накіраваная на здабыванне прыбытку, у межах якой рэалізоўваліся б тавары і паслугі. Калі спажыўцы нічога не набывалі, то прымяненне гэтага артыкулу для дадзенай справы выглядае абсурдна», — лічыць юрыст.
Парушэнне артыкулу 250 ч.1 караецца штрафам, альбо папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, альбо арыштам на тэрмін да 3 месяцаў, альбо абмежаваннем свабоды на тэрмін да 2 гадоў.