viasna on patreon

Савет па правах чалавека ААН "слухае” Беларусь

2010 2010-05-12T10:18:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёньня ў Жэневе Савет па правах чалавека ААН будзе разглядаць справаздачу ўраду Рэспублікі Беларусь пра становішча з правамі чалавека ў краіне ў рамках Універсальнага перыядычнага агляду - новага механізму ААН для абароны правоў чалавека. Альтэрнатыўны агляд па Беларусі быў падрыхтаваны  шэрагам праваабарончых арганізацый. У яго падрыхтоўцы удзельнічалі Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Асамблея няўрадавых арганізацый, а таксама міжнародныя арганізацыі. Нагадаем, што Перыядычны агляд, які праводзіць  Савет ААН па правах чалавека – гэта штогадовая справаздача 192 краін-сябраў ААН пра тое, як выконваюцца міжнародныя нормы у галіне абароны правоў чалавека.

Як паведамляе сёньня “Радыё Свабода”, “беларускія праваабаронцы засьведчылі парушэньні правоў чалавека паводле 15 пунктаў: свабода СМІ, незалежнасьць судовай сыстэмы, дзейнасьць няўрадавых арганізацыяў і многіх іншых.

Сёлета афіцыйны Менск падрыхтаваў сваю справаздачу, зьмест якой істотна адрозьніваецца ад агляду праваабаронцаў, кажа старшыня БХК Алег Гулак: "Я быў зьдзіўлены, па праўдзе кажучы, што гэты агляд не адпавядае сучасным падыходам да гэтай праблематыкі. Я чакаў, што усё ж такі дзяржава падымецца на той узровень, каб хоць адносна адэкватна гаварыць пра праблемы, якія існуюць. Бо рабіць выгляд, што ў нас увогуле праблем не існуе, то гэта занадта не сур'ёзна. Галоўнае нават ня тое, у якім становішчы краіна знаходзіцца зараз, галоўнае, каб краіна хацела гэтыя праблемы выпраўляць. І пакуль у нас няма дакладнага разуменьня таго, што мы гэта пабачым".

Рэкамэндацыі, як палепшыць становішча з правамі чалавека ў Беларусі для уладаў і міжнародных праваабарончых структураў беларускія праваабаронцы занатавалі ў дакумэнце. Ён утрымлівае 52 пункты."

 

Матэрыялы беларускіх НДА, падрыхтаваныя для Універсальнага перыядычнага агляду па Беларусі ў Савеце па правах чалавека ААН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства