viasna on patreon

Кароткая гісторыя перасьледу беларускіх журналістаў

2010 2010-04-30T17:25:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pressing.jpg

Паводле беларускіх і замежных крытыкаў Аляксандра Лукашэнкі, ягоны прыход да ўлады суправаджаўся пагаршэньнем свабоды прэсы і СМІ.
1 студзеня 2001 году пачаў дзейнічаць новы Крымінальны кодэкс, у які былі ўведзеныя артыкулы 367 (паклёп у адносінах да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь) і 368 (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь).

Пазьней паводле гэтых артыкулаў былі распачатыя некалькі крымінальных спраў супраць журналістаў незалежных беларускіх друкаваных выданьняў. У чэрвені раённы гарадзенскі суд асудзіў галоўнага рэдактара газэты «Пагоня» Міколу Маркевіча да двух з паловай гадоў пазбаўленьня волі, а журналіста гэтага выданьня Паўла Мажэйку — да двух гадоў за паклёп на прэзыдэнта Беларусі. У верасьні 2002 году суд у Менску вынес вырак — два гады абмежаваньня волі — у дачыненьні да рэдактары газэты «Рабочы» Віктара Івашкевіча, таксама за паклёп на прэзыдэнта.

Першая крымінальная справа за паклёп на прэзыдэнта Беларусі ў інтэрнэце была распачатая ў жніўні 2005 году. Яна тычылася распаўсюду ў сеціве сатырычных мультфільмаў, пэрсанажы якіх былі падобныя да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Стваральнікамі мэдыяпрадукцыі на сайце грамадзкай ініцыятывы «Трэці шлях» былі Павал Марозаў, Андрэй Абозаў і Алег Мініч.

Фігуранты крымінальнай справы былі вымушаны зьехаць за мяжу. а сама справа была прыпыненая ў сувязі з адсутнасьцю ў краіне асобаў, якія падлягаюць прыцягненьню да адказнасьці, аднак не закрытая.

У сакавіку 2008 году органы пракуратуры і КДБ правялі шэраг ператрусаў у кватэрах і офісах журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ. Іх дапытвалі ў якасьці сьведак па крымінальнай справе аб паклёпе на прэзыдэнта, заведзенай у дачыненьні да Мініча, Марозава і Абозава. Ва ўсіх пыталіся пра палітычныя мультфільмы «Трэцяга шляху» і пра дзейнасьць тэлеканалу «Белсат», які трансьляваў згаданыя мультфільмы ў сваім эфіры.

У 2009 годзе ў Беларусі пачаў дзейнічаць указ «Аб мерах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту глябальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт», які ўпаўнаважыў урад, а таксама спэцыяльную службу ААЦ (апэратыўна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта) кантраляваць працу беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў. Гэты захад быў ацэнены экспэртамі як афіцыйны пачатак інтэрнэт-цэнзуры.

У студзені 2010 году ААЦ атрымаў новыя паўнамоцтвы, якія дазвалялі кантраляваць каналы сувязі (у тым ліку і інтэрнэт-трафік) для ажыцьцяўленьня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства