viasna on patreon

Магілёўскі праваабаронца: “Лічбы колькасці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні -- абсалютна выдуманыя”

2010 2010-04-28T17:49:18+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дырэктар "Магілёўскага праваабарончага цэнтра" Уладзімір Краўчанка накіраваў скаргі ў Пракуратуру Магілёўскай вобласці, Магілёўскую абласную выбарчую і Цэнтральную выбарчую камісіі. Ён патрабуе адмяніць вынікі галасавання па загадзя сфальсіфікаваных пратаколах,  правесці праверку дакументаў выбарчых камісій на прадмет адпаведнасці подпісаў выбаршчыкаў у спісах для галасавання пра атрыманне выбарчых бюлетэняў з рэальнымі подпісамі выбаршчыкаў, а таксама ўзбудзіць крымінальную справу па фактах падману выбаршчыкаў, скажэння вынікаў галасавання і парушэння арт. 13, 15 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У якасці аргументаў праваабаронца прыводзіць шэраг фактаў, зафіксаваных падчас назірання. 

Паводле падлікаў, якое ажыццяўлялі сябры Магілёўскага праваабарончага цэнтра, у цэлым па горадзе Магілёву ў выбарах прыняў удзел 18% выбаршчыкаў, хаця абвешчаны іншыя вынікі.

Напрыклад:

1. На 24 выбарчым участку пры агульнай колькасці выбаршчыкаў 2923 чалавек у галасаванні, у тым ліку і датэрміновым, прынялі ўдзел 523 чалавекі ці   18%.

2. На 25 выбарчым участку пры агульнай колькасці выбаршчыкаў 2081  чалавек у галасаванні, у тым ліку і датэрміновым,  прынялі ўдзел 442 чалавекі ці  21 %.

3. На 27 выбарчым участку пры агульнай колькасці выбаршчыкаў 2631  чалавек у галасаванні, у тым ліку і датэрміновым,  прынялі ўдзел 425 чалавек ці  16 %.

"Такая ж карціна і на астатніх участках для галасавання, - адзначае Уладзімір Краўчанка. -Там, дзе быў найбольш нізкі ўдзел грамадзян у галасаванні, назіральнікі падлічылі не толькі колькасць выбаршчыкаў, але і колькі мужчын і жанчын прыйшлі на выбарчы ўчастак".

Уладзімір Краўчанка адзначае: "Каб штучна павялічыць яўку выбаршчыкаў сябры выбарчых камісій адвольна прыпісалі галасы аднаму з кандыдатаў. Гэта было зроблена шляхам завышэння колькасці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні і галасаванні на даму, а таксама ў дзень выбараў на выбарчых участках. Асабліва красамоўна пра факты скажэння вынікаў галасавання сведчаць лічбы пра галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыкаў. Так, напрыклад, паводле дадзеных пратаколу на ўчастку галасавання №27, на даму прагаласавала 382 выбаршчыкі, а сябры камісіі патрацілі на абыход для збору подпісаў з кожнага выбаршчыка, уключаючы час на дарогу ў кватэру па 47 секунд на кожнага. Такая хуткасць абыходаў кватэр і пад'ездаў сябрамі выбарчай камісіі, якая ўключае пераходы ад будынка да будынка, уздым на ліфце і г.д. абсалютна нерэальная".

Акрамя гэтага праваабаронца адзначае, што сябры выбарчых камісій свядома ішлі на скажэнне вынікаў галасавання, пра што сведчаць шматлікія факты.

23.04.2010 гады назіральнік Наталля Самахвалава падчас датэрміновага галасавання спрабавала азнаёміцца з пратаколам датэрміновага галасавання ў памяшканні СШ 40 г. Магілёва. Калі яна падышла да стэнда аб'яў, то старшыня выбарчай камісіі № 26 Наталля Каралева зачыніла інфармацыю на стэндзе лістом паперы і забараніла назіральніку азнаёміцца з вывешанай інфармацыяй.

У выбарчай камісіі № 24 у 17 гадзін 24 красавіка назіральніку паведамілі, што ў датэрміновым галасаванні, паводле дадзеных выбарчай камісіі, прынялі ўдзелы 274 чалавекі. Назіральнік удзельнічаў у працы гэтай камісіі да вечара 24 красавіка.  Раніцай яму абвясцілі, што датэрмінова прагаласавала 876 чалавек. Улічваючы, што ў папярэднія гады на гэтым участку датэрмінова прыходзіла галасаваць не больш за 15 чалавек, то прынамсі на 850 галасоў кіраўніцтва гэтай выбарчай камісіі сказіла вынікі волевыяўлення грамадзян толькі па гэтым пункце выніковага пратаколу.

Ні ўвечар 24 красавіка, ні раніцай 25 красавіка на 24, 25, 26, 27 выбарчых участках пратаколы з інфармацыяй пра ўдзел грамадзян у датэрміновым галасаванні для азнаямлення не вывешваліся.

Назіральнікам не  прадставілі магчымасці назіраць за правільнасцю падліку галасоў выбаршчыкаў. Колькасць бюлетэняў, якія складаліся ў стопкі сябрамі камісій, не апавяшчаліся. Назіральнікаў не дапускалі да сталоў, дзе працавалі сябры выбарчай камісіі. Галасаванне па зацвярджэнні падліку галасоў не праводзілася. Галасаванне па зацвярджэнні выніковага пратаколу таксама не было. Выніковы пратакол выбарчай камісіяй не апавяшчаўся.

Акрамя гэтага, Уладзімір Краўчанка адзначае, што на выбарчых участках падчас выбараў увесь час прысутнічалі супрацоўнікі міліцыі, якія заміналі назіральнікам атрымліваць праўдзівую інфармацыю пра ход галасавання на выбарчых участках. 

Так, на выбарчым участку №25 супрацоўнік міліцыі малодшы лейтэнант Артур Балонішнікаў, асабісты нумар Бы-45517, падышоў да назіральніка ў 9 гадзін і стаў яго запалохваць пакараннем за імкненне атрымліваць праўдзівую інфармацыю пра выбары ад кіраўніцтва выбарчай камісіі. Гэты супрацоўнік міліцыі ўвесь час знаходзіўся ў пакоі для галасавання. 

У 15 гадзін 25 хвілін да назіральніка ўчастковай камісіі № 27 падышоў выбаршчык і стаў паведамляць факты парушэння выбарчага заканадаўства з боку сфброў выбарчых камісій і факты скажэння вынікаў галасавання сябрамі выбарчых камісій. Тым часам у пакоі для галасавання акрамя гэтага выбаршчыка, іншых выбаршчыкаў не было. Лейтэнант міліцыі Алена Сідарава, пачуўшы ад выбаршчыка факты парушэння выбарчага заканадаўства, запатрабавала ад яго пакінуць памяшканне, дзе знаходзіліся назіральнікі. На пярэчанне назіральнікаў пра тое, што выбаршчык мае права звяртацца да назіральнікаў і паведамляць ім факты парушэння выбарчага заканадаўства, адказала, што ў яе ёсць інструкцыя пра недапушчэнне любым спробам выбаршчыкаў звяртацца да назіральнікаў. Гэта супрацоўніца міліцыі  таксама ўвесь час знаходзілася ў памяшканні для галасавання. Алена Сідарава таксама праігнаравана пярэчанне назіральнікаў пра тое, што рэпрэсіўныя дзеянні супрацоўніка міліцыі ў адносінах да выбаршчыкаў супрацьзаконныя. Яна звярнулася да сакратара выбарчай камісіі Таццяны Вярэніч і паведаміла пра тое, што выбаршчык паведамляе назіральніку факты парушэнняў выбарчага заканадаўства. Па патрабаванні сакратара камісіі Таццяны Вярэніч выбаршчык, які паведамляў факты парушэння выбарчага заканадаўства, сышоў ад назіральнікаў. Выбаршчык у якасці доказу скажэння сябрамі выбарчай камісіі вынікаў галасавання пакінуў назіральніку бюлетэнь па выбарах дэпутата Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, які ён не стаў кідаць у скрыню для галасавання, каб у назіральніка быў рэчыўны доказ скажэння сябрамі выбарчай камісіі вынікаў галасавання. Атрымаўшы выніковы пратакол, назіральнікі пераканаліся, што ў рэальнасці ніякага падліку галасоў выбаршчыкаў на выбарчым участку не было. 

"Лічбы колькасці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні, абсалютна выдуманыя і не адпавядаюць волевыяўленню грамадзян. Сябры камісіі не вызначылі, што не хапае бюлетэня для галасавання, бо рэальнага падліку галасоў не было," - адзначае Уладзімір Краўчанка.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства