viasna on patreon

Крымінальнай справы за зьнішчэньне “Пагоні” ня будзе

2010 2010-04-22T17:33:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pagonia_vitebsk.jpg
Абвінавачаныя малявалі на будынках герб "Пагоня"

Абвінавачаныя малявалі на будынках герб "Пагоня"

Старшыня абласной суполкі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў атрымаў адказ з транспартнай міліцыі, якая праводзіла сьледзтва па факце зьнішчэньня ўнікальнага комплексу вітражоў падчас рэканструкцыі будынку віцебскага чыгуначнага вакзалу.

Комплекс складаўся зь сямі вітражоў у вокнах другога паверху. У цэнтральным акне была выява “Пагоні”, у вокнах паабапал — выявы гербаў шасьці абласных гарадоў Беларусі. Як вынікае зь ліста, падпісанага опэрупаўнаважаным Рыгорам Шнеевым, вітражы ня мелі мастацкай каштоўнасьці — бо не былі ўключаныя ў адпаведны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.

На думку Кастуся Смолікава, вітражны комплекс, створаны на пачатку 1990-х гадоў, быў помнікам беларускага мастацтва найноўшага часу. Аднак напярэдадні апошняй рэканструкцыі вакзалу, якая доўжыцца ўжо паўгоду, вітражы былі “дэмантаваныя з прычыны іх неадпаведнасьці цеплатэхнічным нормам”. Замест іх у вокны будынку ў стылі “сталінскага ампіру” ўставілі цёмныя шклопакеты. Каляровае шкло, зь якога была зроблена “Пагоня” ды іншыя вітражы, папросту выкінулі на сьметнік, а алюмініевыя рамы сьпісалі.

Ніякіх парушэньняў сьледчая група ня ўбачыла, а таму крымінальнай справы за зьнішчэньне міліцыя і пракуратура распачынаць ня сталі.

Адзінае, што цешыць у гэтай сытуацыі, кажа Кастусь Смолікаў, — гэта тое, што ў аўтара вітражоў, 75-гадовага мастака Вікенція Ральцэвіча, захаваліся ўсе распрацоўкі, тэхнічныя падлікі ды эскізы зьнішчанага комплексу з “Пагоняй”. Але ці знойдзецца гарадзкі аб’ект, які можна будзе аздобіць такімі вітражамі, невядома.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства