У Вярхоўным судзе распачаўся судовы працэс па скарзе Асамблеі НДА адносна адказу Мінюста аб адмове ў рэгістрацыі
Сёньня ў судзе адбыліся выступы абодвух бакоў і прадстаўнікоў грамадзкасьці.
З боку заяўніка выступіў Алег Гулак. Ён падкрэсьліў, што прэтэнзіі Мінюста зьяўляюцца беспадстаўнымі. “Галоўная праблема тычыцца таго, што арганізацыі рознага накірунку ня могуць аб’ядноўвацца ў асацыяцыю дзеля абароны сваіх правоў, дзеля разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці. На маю думку, гэтыя патрабаваньні неабгрунтаваныя і незаконныя. У якасьці прыклада я прыводзіў момант, калі Мінюст праводзіла канфэрэнцыю па ролі няўрадавых арганізацыяў, дзе прысутнічалі БХК, “Белая Русь”, БРСМ і іншыя. І ў ніводнай з гэтых арганізацыяў не пазначана ў мэтах дзейнасьці “разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці”, тым ня менш мінюст палічыў, што гэта ўсё нармальна і не супярэчыць статутнай дзейнасьці”, -- распавёў Алег Гулак.
Прадстаўнікі Мінюста зноў паўтарылі свой аргумэнт адносна таго, што ў асацыяцыю могуць аб’ядноўвацца толькі арганізацыі з аднолькавымі прадметамі дзейнасьці.
“Аднак гэта супярэчыць наяўнай практыцы рэгістрацыі асацыяцыў у Беларусі, -- адзначыў прадстаўнік ад грамадзкасьці Юрый Чавусаў. – І відавочна, гэты аргумэнт незаконны, паколькі пазбаўляе Асамблею магчымасьці зарэгістравацца ўвогуле”.
Судовае паседжаньне працягнецца 4 траўня. Судзьдзя Врхоўнага суда Ігар Мільто запатрабаваў у Мінюста дакумэнты, пададзеныя Асамблеяй НДА на рэгістрацыю. “Мы прасілі прадаставіць гэта суду яшчэ ў скарзе, але прадстаўнікі міністэрства чамусьці дакумэнтаў не прынесьлі”, -- заўважыў Юрый Чавусаў.
Нагадаем, месяц таму Міністэрства юстыцыі ў трэці раз адмовіла Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў у рэгістрацыі. Падставы для нерэгістрацыі Асамблеі НДА амаль аналягічныя папярэднім. Па-першае, як і раней, Мінюст лічыць, што “ўмовы аб агульнасьці статутных мэтаў, задачаў і прадмету дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў, якія ўваходзяць у склад АКГА “Асамблея НДА”, ня выкананыя”. Па-другое, органу рэгістрацыі падаецца, што “маніторынг, аналіз і ацэнка дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў наогул не адпавядае вызначанай мэце” Асамблеі НДА. Па-трэцяе, назва АКГА “Асамблея НДА”, паводле чыноўнікаў, “ня ўтрымлівае ўказаньня на прадмет дзейнасьці яе чальцоў”.