Уціск на кандыдатаў у Магілёўскай вобласьці.
Загадчыца Шклоўскага раённага вузла сувязі Тамара Ігнатовіч аказвае ўціск на кіраўніцу Княжыцкага паштовага аддзяленьня сувязі Алену Крупенька, каб тая зьняла сваю кандыдатуру і ня ўдзельнічала ў выбарах, інакш будзе звольненая з працы. Алена Крупенька -- кандыдат у дэпутаты Шклоўскага раённага Савету па Княжыцкай выбачай акрузе №21 і суперніца намесьніка старшыні Шклоўскага райвыканкаму Анатоля Ісачэнкі. Кандыдатка адмовілася здымаць сваю кандыдатуру, і кіраўніцтвам Шклоўскага раённага вузла сувязі ўжо распачатая праверка дзейнасьці Княжыцкага паштовага аддзяленьня сувязі. Алена Крупенька 27 лютага зьвярнулася ў Пракуратуру з адпаведнай заявай.
На выбарах дэпутатаў Магілёўскага гарадзкога Савету дэпутатаў індывідуальны прадпрымальнік Зміцер Салаўёў зьяўляецца супернікам загадчыка санітарна-гігіенічнага аддзелу Магілёўскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміалогіі Мікалая Жыгунова (дэпутат Магілёўскага гарадзкога Савету 23 скліканьня). 25 лютага да З. Салаўёва зьвярнулася судовы выканаўца суду Цэнтральнага раёну г. Магілёву Міронава Мая Анатольеўна з патрабаваньнем аплаты штрафу, накладзенага на прадпрымальніка яшчэ ў 2001 годзе. Штраф, накладзены ў 2001 годзе на З. Салаўёва за невсаечасовую падачу фінансавых дакументаў у падатковую інспекцыю, быў аплочаны ім, згодна з беларускім заканадаўствам, таварамі. Але пазьней судовымі органамі, без ведама прадпрымальніка (што зьяўляецца парушэньнем арт. 511 ГПК РБ), была праведзеная пераацэнка тавараў, у выніку чаго аказалася, што прадпрымальнік вінаваты дзяржаве каля 35 000 рублёў. Пра гэты факт было паведамлена ў Магілёўскую гарадзкую выбарчую камісію па выбарах дэпутатаў Магілёўскага гарсавету. 26 лютага сакратар камісіі Галіна Гурыновіч, патэлефанаваўшы Салаўёву, указала яму на парушэньне ім заканадаўства і прапанавала прыняць адпаведныя захады па аплаце штрафу. Кандыдат у дэпутаты Магілёўскага гарсавету Салаўёў расценьвае дзеяньні суду і гарадзкой выбарчай камісіі як запалохваньне. 27 лютага ім накіраваныя скаргі ў Пракуратуру Цэнтральнага раёну г. Малілёву і абласную выбарчую камісію.