viasna on patreon

Праўладныя кандыдаты актыўна скарыстоўваюць дзяржаўныя СМІ

2010 2010-04-20T14:48:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/agitacyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Магілёўшчына

Пра выкарыстанне рэсурсу афіцыйных выданняў кандыдатамі ад улады сведчаць вынікі маніторынгу газет “Веснік Магілёва” і “Магілёўскія ведамасці”.

Так, газета “Магілёўскія ведамасці” (заснавальнік - Магілёўскі аблвыканкам) ў №39 ад 10 красавіка 2010 г. надрукавала на правах рэкламы артыкул “Гарант отменного качества и превосходного вкуса”, прысвечаны працы Бабруйскага мясакамбіната, дырэктарам якога з’яўляецца Андрэй Ісачанка, які вылучаецца ў дэпутаты Магілёўскага аблсавету па бабруйскай Заходняй выбарчай акрузе №9. Артыкул займае цэлую паласу, мае фота кандыдата ў дэпутаты і   станоўчага характарызуе кандыдата. Трэба адзначыць, што газета з накладам 30 587 асобнікаў мае “абласны статус” і распаўсюджваецца таксама ў Бабруйску.

Газета гарвыканкама “Веснік Магілёва” ўжо ў №9 ад 5 лютага 2010г. надрукавала артыкул “Владимир Каунов, директор Могилевского завода вентзаготовок: “Мы смогли преломить ситуацию”, прысвечаны працы гэтага завода. Уладзімір Каўноў вылучаецца кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага гарсавету па Прамысловай выбарчай акрузе №33 г.Магілёва. Артыкул займае больш за палову паласы, мае фота кандыдата ў дэпутаты і таксама дае яму станоўчую характарыстыку. Наклад газеты складае 4 680 асобнікаў.

Газета “Веснік Магілёва” ў №21 ад 17 сакавіка 2010г. надрукавала інтэрв’ю “Геннадий Денгалев, директор МГКУП “Управление капитального строительства”: “Быть добру!”, прысвечанае працы гэтага прадпрыемства. Генадзь Дзенгалёў вылучаецца кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага аблсавету па Алтайскай выбарчай акрузе №41 г. Магілёва. Артыкул займае цэлую паласу, мае фота кандыдата ў дэпутаты, якому таксама дае станоўчую характарыстыку. Наклад газеты складае 6 430 асобнікаў. Яшчэ адно вялікае інтэрвію з Дзенгалёвым было надрукаванае ў №30 ад 15 красавіка 2010 г гэтага выдання. Інтэрв’ю пад назвай “Геннадий Денгалев, директор управления капитального строительства Могилевского горисполкома: “Делаем ставку на качество” прысвечана працы гэтага прадпрыемства. Артыкул займае цэлую паласу, мае тое ж самае фота кандыдата ў дэпутаты і ўтрымлдівае станоўчую характарыстыку. Наклад нумару складае 6 390 асобнікаў.

Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што гэтыя публікацыі з’яўляюцца ўскоснай агітацыяй і прыкладам выкарыстання адміністрацыйнага рэсурса. Але скардзіцца з гэтай нагоды ў адпаведныя акруговыя выбарчыя камісіі, на думку праваабаронцы, бессэнсоўна, бо кандыдаты ў дэпутаты не  заклікаюць галасаваць за сябе і нічога не кажуць пра выбары.

 

Віцебск

У апошнім нумары віцебскай гарадской дзяржгазеты “Витьбичи” выйшлі матэрыялы, прысвечаныя чатыром праўладным кандыдатам у дэпутаты ў Віцебскі гарадскі Савет дэпутатаў. Гэтыя матэрыялы без усякай нацяжкі можна лічыць агітацыйнымі і ствараючымі канкурэнтныя перавагі перад астатнімі прэтэндэнтамі на дэпутацкія мандаты.

Дадаткова магчымасцю мільгануць у СМІ скарыстаўся кандыдат у дэпутаты па Праўдзінскай выбарчай акрузе №8, начальнік Віцебскага філіяла “Электрамантажнага ўпраўлення №7” Леанід Лявонаў. У артыкуле “Справа для сапраўднага мужчыны” Л. Лявонаў распавядае пра сваю дзейнасць па электраасвятленні двароў, вуліц і будынкаў горада. Канкурэнтам у акрузе гэтага “сапраўднага мужчыны” з'яўляецца жанчына-пенсіянерка і грамадская актывістка Вера Кавалёва.

Падобная сітуацыя назіраецца і ў Камунальнай выбарчай акрузе №31. Тут змагаюцца за дэпутацкі мандат галоўны лекар Віцебскай гарадской клінічнай  стаматалагічнай паліклінікі Алег Багінскі і хатняя гаспадыня, актывістка Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Алена Шабуня. А. Багінскі як сапраўдны мужчына выявіў характар і дамогся ў газеце апублікавання артыкула пра свае дасягненні на ніве аховы здароўя. У доктара-кандыдата ў дэпутаты маштабныя планы, якія ён збіраецца рэалізаваць, засядаючы ў гарадскім Савеце. На гэтым фоне вельмі сціпла выглядаюць магчымасці хатняй гаспадыні і апазіцыянеркі А. Шабуні.

Астатнія два кандыдаты ў дэпутаты, галоўдоктар Віцебскага абласнога каардылагічнага дыспансера Уладзімір Лугавы і галоўдоктар віцебскай гарадской паліклінікі №6 Станіслаў Цітовіч, не маюць канкурэнтаў у сваіх акругах. Але і пра іх выйшлі фактычна агітацыйныя матэрыялы ў “Витьбичах”. І гэта не дзіўна. Бо які кандыдат у дэпутаты адмовіцца лішні раз заявіць пра сябе ў прэсе- шмат агітацыі на выбарах не бывае.

 

Полацк

Ускосная рэклама праўладных кандыдатаў у дэпутаты друкуецца амаль у кожным нумары гарадской газеты “Полацкі веснік”.

Так, у нумары ад 15 красавіка ў вялікім, амаль на ўсю паласу, артыкуле “В интересах горожан” размешчаны выступы на 26-ай сесіі гарсавета кандыдатаў у будучы гарадскі Савет Г.Вайткевіч і Ю.Жырава. У нумары ад 17 красавіка палова другой паласы адведзена пад справаздачу пра сустрэчы з выбаршчыкамі дзейнага і будучага дэпутата адразу абласнога і гарадскога Саветаў С. Адзінцовай. У нумары ад 20 красавіка адразу два матэрыялы інфармуюць чытачоў аб адбыўшыхся сустрэчах кандыдатаў у раённы савет Н.Саржыцкай і Г.Жаланавай. Пры гэтым ніводнага матэрыяла, датычнага кандыдатаў ад Беларускай партыі левых ”Справядлівы свет” у “Полацкім весніку”, зразумела, не з’явілася.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства