viasna on patreon

Прыйсці пагутарыць у КДБ? А на якой падставе?

2010 2010-04-20T16:41:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kgbrb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Позна вечарам 7 красавіка студэнтцы журфака БДУ Марыне Яўсейчык патэлефанаваў незнаёмы мужчына, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ Зміцерам. Ён настойліва прапанаваў дзяўчыне прыйсці заўтра раніцай  ва ўпраўленьне КДБ на Казлова, 6а, для гутаркі. На пярэчаньні Марыны адказаў, што хоча апытаць яе па справе выбуху ў Менску 4 ліпеня 2008 года. Раніцай 8 красавіка той жа голас пацікавіўся, ці збіраецца дзяўчына на сустрэчу. Марына ня ведала як сябе паводзіць у падобнай сітуацыі і змушана пагадзілася на сустрэчу.

Далей распавядае Марына Яўсейчык:

Мяне правялі на першым паверсе ў невялічкі пакойчык, дзе амаль тры гадзіны доўжылася гутарка.

Ён сапраўды пачаў мяне распытваць пра выбух: дзе я ў той дзень была, што рабіла, ці хадзіла глядзець святочную праграму. Я распавяла, што сапраўды была там удзень. Але пасьля абеду вярнулася да сябе ў Малінаўку. Ён распытваў таксама аб тым, калі я даведалася пра выбух. Я адказала, што на наступны дзень, у другой палове дня.

Аднак затым размова павольна перайшла ў іншы бок. А манавіта,  пра розныя партыі і моладзевыя рухі, ці ўдзельнічаю я ў нейкіх мерапрыемствах, акцыях. Увогуле, ці актыўны я чалавек, дзе люблю бываць, з кім сябрую. Яго цікавіла, ці ёсць сярод маіх сяброў скінхеды, альбо хімікі, якія маглі б вырабіць выбухоўку. Я адказала, што нідзе ня удзельнічала і сяброў такіх не маю.  Затым пачаліся роспыты пра творчую інтэлігенцыю, ці сустракалася я з імі, ці ўдзельнічала ў нейкіх з’ездах, ці канспектавала іх выступы?

Пры гэтым Зміцер дастаў ноўтбук і паказаў мяне на відэазапісе са з’езду беларусаў свету “Бацькаўшчына”, і спытаўся, што я там рабіла, і на якой падставе нешта запісвала, каля я не з’яўляюся сябрам гэтай арганізацыі?

Я сапраўды была ў якасьці сакратара на з’ездзе беларусаў свету “Бацькаўшчына” і паведаміла Зміцеру, што рабіла гэта дабраахвотна, ніхто мяне не прымушаў.  Ён таксама запытваўся пра маё знаёмства з кіраўнікамі гэтай арганізацыі. Пыталіся яшчэ і пра Уладзіміра Някляева, ці ведаю я нешта пра яго. Я паведаміла, што ягоныя творы мы вывучалі на занятках.

Таксама ён дастаў розныя раздрукоўкі старонак газет і сайтаў і пытаўся пра маё дачыненне да змешчаных там матэрыялаў, абвінавачваючы мяне, як гэта не дзіўна, у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. І паказаў пры гэтым адпаведны артыкул Крымінальнага Кодэксу.

Каб запалохаць яшчэ болей ён паведаміў, што я ўліпла, але паабяцаў закрыць вочы на розныя факты пра удзел у з’ездзе і маё ранейшае супрацоўніцтва з сайтам, паабяцаў, што мяне не выганяць з вучобы. Але толькі калі я пагаджуся супрацоўнічаць з імі. Прапанаваў і надалей займацца сайтам, трымаць у полі зроку тых людзей, з якімі я кантактую і пра гэта ўсё распавядаць.

Ад такой прапановы я адмовілася, але Зміцер ізноў пачаў палохаць праблемамі і сказаў, што калі я хачу, каб маё жыццё не ператварылася ў пекла,  то трэба падпісаць паперы аб супрацоўніцтве.

Паколькі наша размова цягнулася каля трох гадзін, а ў гэты дзень я планавала патрапіць у Маскву, мяне чакаў аўтобус, я, каб спыніць гэтую размову, падпісала тую паперу. Пры гэтым я разумела што не хачу і не буду з імі супрацоўнічаць, мне трэба было толькі своечасова патрапіць на аўтобус і хутчэй забыць пра гэтую непрыемную сустрэчу.

На развітаньне ён паведаміў, што час ад часу будуць тэлефанаваць на мой сотавы тэлефон. І сапраўды, праз тыдзень Зміцер патэлефанаваў і запрасіў на сустрэчу. Я адмовілася, спаслаўшыся пры гэтым што нічога цікавага ім паведаміць не магу  і папрасіла не перашкаджаць мне вучыцца. У адказ на мае словы ён ізноў прыгразіў, што калі я не жадаю размаўляць па добраму, усё будзе дрэнна і пад пагрозай можа апынуцца маё далейшае навучаньне.

Я на некалькі дзён адключыла свой мабільны тэлефон, аднак 19 красавіка Зміцер патэлефанаваў ужо на хатні нумар. Ён папярэдзіў, што перадасць мне пад распіску позву і выкліча на размову ў КДБ афіцыйна.

 

Сітуацыю, у якую патрапіла дзяўчына, каментуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

Пастка, у якую патрапіла Марына, не з’яўляецца нечым новым. Кожны год у Праваабарончы цэнтр “Вясна” звяртаюцца маладыя людзі, якія распавядаюць падобныя гісторыі, гісторыі аб тым як іх схілялі да супрцоўніцтва супрацоўнікі КГБ.

Трэба адзначыць, што ўсе гэтыя размовы, як правіла, носяць неафіцыйны характар. Супрацоўнікі КГБ карыстаюцца тым, што маладыя людзі проста не ведаюць сваіх правоў. Марыне не трэба было ні ў якім разе прыходзіць на сустрэчу па тэлефоным званку на мабільны тэлефон. Неабходна патрабаваць афіцыйнай позвы, ў якой павінны быць указана куды, калі і ў якасці каго яна выклікаецца. Допыт сведкі рэгулюецца нормамі КПК Рэспублікі Беларусь, пры гэтым, такі допыт вядзецца са складаньнем пратаколу, асобе павінны быць ратлумачаныя яе правы, у тым ліку права не сведчыць супраць сябе самога і блізкіх сваякоў, пратакол пасля допыту павінен быць прадстаўлены для азнаямлення і подпісу на кожнай ягонай старонцы. У дадзеным выпадку супрацоўнікі КГБ проста правялі з Марынай размову. Яна не знаходзілася ні ў якім працэсуальным статусе і мела права адмовіцца размаўляць з гэтым супрацоўнікам, які да таго ж не прадставіўся ёй і не паказаў свайго службовага пасведчання. Акрамя таго, у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб Камітэце Дзяржаўнай Бяспекі” супрацоўніцтва КГБ з грамадзянамі будуецца на добраахвотнай аснове і адпаведнае схіленне грамадзянаў шляхам запалохвання, абяцання нейкіх праблем па месцы працы ці вучобы за адмому ад такога супрацоўніцтва з’яўляюцца проста незаконнымі. У звязку з гэтым усялякія “абавязацельствы” аб супрацоўніцтве, падпісаныя ў дадзеным выпадку Марынай, з’яўляюцца проста паперай, якая не мае ніякай юрыдычнай сілы.

Усё, што нагаварыў Марыне гэты “таварыш” аб дыскрэдытацыі Беларусі і незаконнасці яе прысутнасці на з’ездзе “Бацькаўшчыны” звычайная форма запалалохвання яе і не больш за тое. Наступны раз калі яе будуць выклікаць у КГБ, я б параіў Марыне ісці туды выключна па афіцыйнай позве і ў прыстунасці адваката. Паводле арт. 62 Каныстытуцыі Рэспублікі Беларусь усім грамадзянам краіны гарантуецца права на юрыдычную дапамогу, супроцьдзеянне якой не дапушчаецца. Вось няхай адвату і растлумачаць яе працэсуальны статус і якія прэтэнзіі яны да яе маюць.

Адносна саміх метадаў КГБ можна адзначыць, што супрацоўнікі гэтага ведамства застаюцца і сёньня слаўнымі нашчадкамі Дзяржынскага і займаюцца тым, чым займаліся ў часы СССР, а менавіты грамадзянскім сыскам, а не пытаннямі дзяржаўнай бяспекі.  Няхай бы яны лепей знайшлі вінаватых у палітычна-матываваных знікненнях лідэраў беларускай апазіцыі В. Ганчара, Ю. Захаранкі і журналіста Д. Завадскага, а таксама адказалі на пытанне, як так атрымалася, што краінай на працягу ўжо 16 гадоў кіруе адна і тая ж асоба.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства