Газеце «Сильные новости Гомеля» адмовілі ў рэгістрацыі
Адпаведны загад (№ 43 ад 1 красавіка 2010 г.) падпісаў міністр Алег Праляскоўскі. Ён абгрунтоўвае адмову тым, што ўказаныя ў заяве аб рэгістрацыі звесткі пра стаж галоўнага рэдактара будучага выдання несапраўдныя, і што яго кваліфікацыя не адпавядае патрабаванням даведніка «Пасады служачых работнікаў перыядычнага друку».
У дакуменце гаворыцца, што заяўнікі яшчэ могуць абскардзіць адмову.
У якасці будучага галоўнага рэдактара новага выдання ў дакументах фігуравала гомельская журналістка, сябра ГА «БАЖ» Таццяна Бублікава.
Дырэктар УП «Друкаванае слова» Пётр Кузняцоў перакананы: «Адмова ў рэгістрацыі выдання — гэта забарона на прафесію журналіста. Чалавек не можа набыць рэдактарскі стаж 5 гадоў, калі яму не дазваляюць узначаліць газету».
Зараз прадпрыемства вырашае, пагаджацца на патрабаванні Міністэрства інфармацыі ці абскарджваць адмову праз суд.
Нагадаем, што з восені 2009 года грамадска-палітычныя выданні пачалі сутыкацца з цяжкасцямі пры рэгістрацыі. У кастрычніку Міністэрства інфармацыі змяніла сваю ж пастанову аб рэгістрацыі, увёўшы некалькі дадатковых пунктаў — напрыклад, пра вышэйшую адукацыю і кіраўнічы стаж галоўнага рэдактара і г.д.
Такім чынам, адмовы ў рэгістрацыі (альбо вяртанне дакументаў на рэгістрацыю) на гэты момант маюць (па звестках БАЖ) як мінімум 8 выданняў: «Наш дом» (Віцебск), «Магілёўскі час» (Магілёў), «Солигорск плюс» (Салігорск, Мінская вобл.), «Новая газета Бобруйска» (Бабруйск, Магілёўская вобласць), «Мар’інагорская» (Мар’іна Горка, Мінская вобл.), «Прэфект плюс» (Глыбокае, Віцебская вобласць), «Химик. Два города» (Наваполацк) і яшчэ 1 выданне, заснавальнікі якога не пажадалі пакуль быць згаданымі ў прэсе.