viasna on patreon

Віцебск: Чарговае затрыманне кандыдата ў дэпутаты

2010 2010-04-08T16:34:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/volha_karach.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Уноч з 7 на 8 красавіка былая дэпутатка Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў 24-га склікання Вольга Карач з мужам Алегам Баршчэўскім былі затрыманыя ў асабістым аўтамабілі работнікамі Дзяржаўтаінспекцыі па падазрэнні ва ўгоне аўтамабіля.

Пікантнасць сітуацыі  ў тым, што В.Карач, кіраўнік Віцебскага абласнога аддзялення АГП, балатуецца ў якасці кандыдата ў дэпутаты Віцебскага гарадскога і Віцебскага абласнога Саветаў дэпутатаў 26-га склікання. Да таго ж яна з'яўляецца адным з каардынатараў сацыяльнай кампаніі «Наш дом» і сузаснавальнікам гарадской незалежнай газеты «Віцебскі кур'ер», зарэгістраванай у Расійскай Федэрацыі.
 
Пасля затрымання супругі былі дастаўлены ў Першамайскае аддзяленне міліцыі г. Віцебска для высвятлення абставінаў справы. Допыт затрыманых працягваўся каля трох гадзінаў і скончыўся ў 3 гадзіны ночы 8 красавіка. Падчас допыту высветлілася, што да крадзяжу кандыдат у дэпутаты не мае ніякага дачынення.

Пасля допыту быў дагляд аўтамабіля, у якім супрацоўнікамі міліцыі былі знойдзены тры дзесяткі газеты «Віцебскі кур'ер», некалькі асобнікаў незарэгістраванага бюлетэню "Наш дом» і іншых друкаваных матэрыялаў, якія тычацца гэтай кампаніі. Па факце незаконнага распаўсюджвання друкаваных выданняў на ўладальніка аўтамабіля А.Баршчэўскага быў складзены адміністратыўны пратакол, пасля чаго затрыманыя былі нарэшце адпушчаныя. На развітанне супрацоўнікі міліцыі сказалі, што пратакол будзе перададзены ў суд і судзьдзя прызначыць дату працэсу.

Гэта не першае ўмяшанне віцебскіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў у дзейнасць апазіцыйнага кандыдата ў дэпутаты В.Карач. Падобны выпадак адбыўся ў горадзе 1 красавіка бягучага года, калі міліцыя пагражала палітыку адміністратыўным пакараннем за непадпарадкаванне прадстаўнікам улады і перашкоды пра затрыманні аднаго з заснавальнікаў газеты «Віцебскі кур'ер» В.Рамнёва.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства