Аргкамітэт грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя-97" абвясьціў ляўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне правоў чалавека за 2005 год.
Імі сталі палітвязьні Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Сяргей Скрабец, Мікола Аўтуховіч, Андрэй Клімаў, а таксама Саюз палякаў Беларусі і Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, якія працягваюць сваю дзейнасьць пад ціскам уладаў. Прэмія была заснаваная "Хартыяй-97" у 1998 годзе.
Каардынатар Хартыі-97 Андрэй Саньнікаў зазначыў карэспандэнту радыё Свабода, што нават сьпіс сёлетніх ляўрэатаў яскрава сьведчыць, наколькі пагоршылася сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі: "Акрамя двух арганізацыяў, усе ляўрэаты знаходзяцца ў турме ці "на хімі". Тое, што адзначаныя гэтыя людзі, "гэта даніна павагі да іх мужнасьці і годнасьці. Але гэта і сьведчаньне пра тое, што і менавіта такім шляхам, праз арышт, праз затрыманьне, праз турму можна шукаць праўду, бараніць свае правы".
Двое з сёлетніх ляўрэатаў Хартыі-97 Сяргей Скрабец і Мікалай Аўтуховіч у турме адстойвалі свае правы праз шматдзённую галадоўку пратэсту, ставячы сваё здароўе і жыцьцё пад пагрозу.
Іншы палітвязень Мікола Статкевіч зазначыў, што дзякуючы менавіта "Хартыі-97" і незалежнай прэсе, якія стала надавалі ўвагу, яму ўдалося палепшыць умовы свайго ўтрыманьня на так званай "хімі". Спадар Статкевіч пільна сочыць за сытуацыяй і ў Баранавічах, і ўва ўсёй краіне: "Людзі напалоханыя. Да мяне вельмі часта прыходзяць і актывісты дэмакратычных арганізацый, і проста жыхары гэтага гораду, і я вымушаны неяк супакойваць іх, неяк абнадзейваць, але сытуацыя пагаршаецца, і апошнія законапраекты" гэта ўжо культывацыя страха. Безумоўна, дэмакратычныя сілы не павінны саступаць".
Непрызнаная ўладамі старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс лічыць сумным, што ў цэнтры Эўропы даводзіцца дамагацца выкананьня правоў чалавека, свабоды слова і сходаў: "Мы імкнёмся захаваць, нягледзячы на існуючыя абставіны, адзінства арганізацыі, якая трымаецца ў асноўным на нашых людзях, і працягваць працу, не ведаю, як гэта доўга будзе і наколькі гэта будзе нам магчыма. Але мяркую, што кожны павінен мець сілы, каб змагацца за свае правы".
Дырэктар закрытага ўладамі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас мяркуе, што сьпіс ляўрэатаў красамоўна сьведчыць аб сытуацыі ў Беларусі, калі рэальная пагроза паўстала перад усімі, хто мае альтэрнатыўны пукнт погляду. Але ягоны ліцэй будзе дзейнічаць надалей: "У нас было ад самага пачатку цьвёрдае рашэньне працаваць да апошняга, пры любых умовах, пакуль мы фізычна можам гэта рабіць. І мы гэта робім: дзеці вучацца з задавальненьнем, выкладчыкі працуюць таксама. Пакуль ліцэй жыве".