Мікалаю Аўтуховічу працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай
60 дзён таму Мікалай Аўтуховіч абвясьціў галадоўку, перш за ўсё, супраць утрыманьня яго пад вартай. Адвакат Галіна Іванова наведала арыштаванага разам са сьледчым Мікалаем Аліхверам. Паводле яе, Аўтуховіч працягвае галадоўку, тэрмін арышту, які сканчаўся 14 сьнежня, яму працягнуты да 14 студзеня 2006 году.
12 сьнежня пачалося азнаямленьне з матэрыяламі крымінальнай справы супраць Аўтуховіча, сьледзтва па якой скончана. Але ён заявіў сьледчаму, што ня можа знаёміцца з матэрыяламі з увагі на свой стан здароўя. У пратаколе быў зроблены запіс аб гэтым. Аднак Галіна Іванова гаворыць, што адвакаты ў любым разе павінны цяпер вывучыць справу свайго кліента.
Такі працяглы тэрмін галадоўкі міжволі выклікае пытаньні: ці магчыма рэальна столькі часу абыходзіцца бязь ежы? Па некаторых зьвестках, Мікалай Аўтуховіч мог падтрымліваць свой стан гарбатай зь мёдам, які яму перадавалі з волі. Такім чынам, яго галадоўка можа быць няпоўнай. Аднак, паводле мэдыкаў, непрыманьне ежы такі працяглы час у любым разе вельмі небясьпечнае для здароўя.
Мікалай Аўтуховіч тройчы праводзіў галадоўкі пратэсту, будучы на волі, самая працяглая зь іх доўжылася 31 дзень.
Прадпрымальніка абвінавачваюць ва ухіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Крымінальная справа супраць прадпрымальніка датычыць другой часткі артыкула 243, якім прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня. Суд можа пры гэтым таксама канфіскаваць маёмасьць.